Пераможцаў конкурса “Жыццё пад Сэрцам” узнагародзілі ў Менску
Супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў 19 верасня ўзнагародзіла пераможцаў журналісцкага пралайф-конкурсу “Жыццё пад Сэрцам” у чацвёрты раз. Сёлета журы абірала лепшыя матэрыялы ў трох намінацыях: “Лепшы інфармацыйны матэрыял”, “Лепшы аналітычны матэрыял”, “Лепшы мастацка-публіцыстычны матэрыял”.
Сябрамі журы ў гэтым годзе сталі: праваслаўны святар Георгій Рой, каталіцкі святар Кірыл Бардонаў і журналістка Святлана Шырвель, верніца пратэстанцкай канфесіі.
Святлана Шырвель на імпрэзе ўзнагароджвала пераможцаў: “Я вельмі ўзрадавалася, калі мне прапанавалі быць журы конкурсу, з нецярпеннем чакала прац. У наступным годзе сама хачу паўдзельнічаць!”. На думку Святланы, важным чыннікам у ацэньванні прац было тое, што быў крытэрый наяўнасці хрысціянскай пазіцыі ў тэкстах: Немагчыма нічога рабіць без Бога”.
Павел Севярынец, адзін з тых, хто стаяў у вытокаў конкурсу, натхніў пераможцаў і ўдзельнікаў, сказаўшы, што такога кшталту матэрыялы вельмі патрэбны, бо іх могуць прачытаць і тыя, хто непасрэдна прымае рашэнні аб абмене абортаў. “Не думайце, што нас мала. На самой справе наш голас гучыць гучна. Варта і далей працягваць казаць пра такія рэчы”, – сказаў Павел.
У намінацыі “Лепшы інфармацыйны матэрыял” перамагла Вольга Качалка, журналістка часопіса “Ave Maria”. Дарэчы, Вольга перамагае ў конкурсе ўжо другі раз: “У другі раз перамагло менавіта інтэрв’ю. І я зноўку кажу, што гэта не мая заслуга – гэта заслуга маіх герояў. Яны вартыя таго, каб з іх браць прыклад. А я… проста я магу знайсці такіх герояў”.
У намінацыі “Лепшы мастацка-публіцыстычны матэрыял” перамог матэрыял Фаіны Малюжэнец. Сама Фаіна жыве ў Наваградку. “Я па адукацыі простая бібліятэкарка”, –падзялілася Фаіна. Але яна стала пісаць тэксты ў каталіцкія выданні. Фаіна пабачыла абвестку пра конкурс і даслала свой матэрыял, які ў выніку перамог!
Не адбыўся конкурс сярод аналітычных матэрыялаў. Але члены журы адзначылі матэрыялы Ганны Галкоўскай, галоўнага рэдактара сайта pro-life.by. Упершыню паспрабаваў свае сілы у конкурсе Сергій Мельянец. Яго матэрыял, які, як прызнаўся аўтар ён перарабіў са сваёй лекцыі, журы адзначыла як досыць грунтоўны і евангелізацыйны.
Адзначылі члены журы і матэрыял Іны Сінкевіч, якая напісала пра асабісты вопыт пазбягання аборту. Напрыканцы імпрэзы з цёплымі спевамі выступіў сябар Супольнасці хрысціянскіх журналістаў і блогераў Зміцер Цярэнцьеў.
Артыкулы пераможцаў можна будзе хутка прачытаць на Krynica.info.
Спонсарам конкурсу выступіла беларуская хрысціянская крама “Kroplia.by”.