Ці закончылася гісторыя з якуцкім шаманам-ваяром?
Шэсце якуцкага шамана на Маскву спынілі ў 200 км ад Іркуцка. Прыхільнікі Аляксандра Габышава паведамляюць, што ў ноч з 18-га на 19-га верасня стаянка пратэстоўцаў, якія ідуць пехатой праз усю Расею была атакаваная невядомым фармаваннем. Хутчэй за ўсё, пуцінскай нацгвардыяй. Некалькі дзясяткаў узброеных людзей у камуфляжы схапілі чалавека, які за 4 месяцы сваёй акцыі паспеў стаць у вачах сотняў тысяч расейцаў змагаром за праўду і справядлівасць. На гэты момант дакладнае месцазнаходжанне якуцкага шамана невядомае. Некаторыя крыніцы паведамляюць, што магчыма яго даставілі ў Якуцк, дзе затрыманага могуць накіраваць на прымусовую псіхіятрычную экспертызу. Ёсць таксама інфармацыя пра тое, што спецаперацыя супраць Аляксандра Габышава санкцыянаваная праз стварэнне ім “экстрэмісцкай супольнасці”.
Нягледзячы на выкраданне шамана, ягоныя паплечнікі працягваюць марш на Маскву. На чале калоны нават з’явіліся сцяганошы. Калі так пойдзе далей, то ў руха ёсць усе шансы перарасці ў рэальную палітычную сілу. Кіраўнік прэс-службы прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, адказваючы журналістам на пытанне пра затрыманне шамана, заяўляе, што ён не ў курсе справы. Маўляў, “Крамлю немагчыма сачыць за ўсімі крымінальнымі справамі ў краіне”. Такі адказ набліжанага да Уладзіміра Пуціна чалавека наадварот паказвае, што за рашэннем аб затрыманні шамана якраз стаяць цэнтральныя ўлады, якія спалохаліся “мужчыну з бубнам”.
З усёй гэтай гісторыі можна было б пасмяяцца, асабліва калі ўявіць сабе паніку альфа-самца з ядзернай кнопкай, які лятае на вайсковых самалётах і пагружаецца ў марскую бездань на субмарынах, аднак аддае загад на нейтралізацыю якута. Але такі паварот падзей – гэта прамое сведчанне слабасці расейскай дзяржаўнай машыны, якая грае мускуламі перад суседзямі па глобусе, але насамрэч нямоглая перад сваімі ж грамадзянамі. Гэта ў дэмакратычнай дзяржаве, кіраўніцтва якой абіраецца, у дзеяннях шамана не ўбачылі б пагрозу. Але толькі не ў пуцінскай Расеі, дзе ўся стабільнасць улады грунтуецца нават не на гвалце, якога ў расейскай рэчаіснасці зашмат, а на веры ў сімулякры кшталту “моцнага цара-збіральніка земляў”. І калі гэтая вера дае расколіны, то для крамлёўцаў гэта смерці падобна. Яны ж самі не перакананыя ў тым, што народ іх падтрымлівае. А калі народ – за шамана, то хто тады з імі?
З усіх магчымых варыянтаў спынення шамана, якога крамлёўскія ўладары не змаглі дыскрэдытаваць традыцыйным наборам правакацый, узятых з савецкіх метадычак КДБ, улады РФ абралі самы чаканы. Яны пайшлі на захоп чалавека, які кінуў выклік дзяржаўнаму левіяфану. Цяпер людзі ў белых халатах будуць спрабаваць давесці насельніцтву Расеі, што яны паверылі вар’яту, які апантаны навязлівымі ідэямі звяржэння ўлады. Аднак шаман – гэта не першапрычына праблемы, ліквідацыя якой дазволіць Пуціну спакойна кіраваць Расеяй далей. Ён – знак часу, калі народ, абалванены дзесяцігоддзямі тэлевізійнай прапаганды, якая вешала лакшыну пра рэптылоідаў, іншапланетнікаў і сусветную закулісу, раптам прасякнуўся містычнай верай у звышздольнасці шамана з якуцкай тайгі, які вызваліць няшчасную Расею ад карупцыянераў і прайдзістветаў. Такія народныя памешальніцтвы – прадвесце вялікіх узрушэнняў. Узгадайма Расейскую Імперыю напярэдадні 1917 года, дзе ілжэпрарокі з’яўляліся як грыбы пасля дажджу, а адзін з іх, Рыгор Распуцін, нават аказваў уплыў на дзяржаўную палітыку.
Так ці інакш, нешта падказвае, што затрыманне Аляксандра Габышава – гэта не канец, а пачатак гісторыі.