Сэканд-хэнд – гэта стыль жыцця



Сэканд-хэнд – гэта не сорам, а стыль жыцця. Палякі штораз больш ахвотна купляюць рэчы на другасным рынку. Спрыяе гэтаму гандаль у інтэрнэце, але палякі таксама штораз часцей  аддаюць рэчы ў рамонт замест таго, каб іх выкідваць. 

Ужо палова палякаў купляе тавары на другасным рынку, паведамляе выданне Rzeczpospolita,  якое прааналізавала апытанне АРЦ Рынак і Форуму адказнага бізнэсу. Паводле вынікаў апытання, палякі найчасцей з другіх рук купляюць аўтамабілі (60%), і вопратку (звыш 40%). Можна меркаваць, што гэта таксама вынік філасофіі сучаснага маладога пакалення, якое павольна адыходзіць ад спажывецкіх стандартаў і большую ўвагу засяроджвае на экалогіі і навакольным асяродзі. Купля і продаж тавараў на другасным рынку гэтаму спрыяе. 

Сярод пакалення міленіум – 57% купляюць тавары сэкнд-хэнд. Такі ж адсотак таксама ахвотна прадае рэчы, якія былі ва ўжытку. Спрыяюць гэтаму гандлёвыя інтэрнэт-платформы як „Алегра” ці OLX. На другой з іх – амаль 10 адсоткаў прапанаваных тавараў было ў карыстанні. Як паведамляе Галоўная статыстычная ўправа Польшчы, ужо больш за палову палякаў купляе вопратку сэканд-хэнд, а лічба крамаў, якія яе прапануюць, – гэта амаль трыццаць тысячаў. Штогод уласніка мяняюць таксама тысячы аўтамабіляў, а таксама мэбля і электронныя прылады.

Звыш паловы палякаў не менш ахвотна аддаюць прадметы, якія раней выкарыстоўвалі. Даволі хутка расце і колькасць спажыўцоў, якія карыстаюцца паслугамі пракату, абменам рэчаў ці супольным транспартам, на які дамаўляюцца на інтэрнэт-платформах.

Мода на тавары сэкнд-хэнд заўважна не толькі ў Польшчы. Каля Лондану адкрылі першую так званую суперкраму, у якой прапануюць толькі і выключна  рэчы, якія былі ва ўжытку, – вопратку, цацкі ды абутак.

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: wroclaw-miasto-spotkan.blogspot.com