Аляксандр Лукашэнка: Апазіцыя павінна быць у парламенце, але толькі нармальная



І апазіцыя павінна быць у новым парламенце. Толькі нармальная. Так кажа Аляксандр Лукашэнка.

Такое меркаванне ён выказаў на сустрэчы з дзеючым старшынём Нацыянальнага сходу Беларусі, дзе акурат раскрытыкаваў цяперашні склад беларускага парламенту.

– Будучы парламент павінен быць лепшым за гэты. Калі будзе такі ж самы, або горшы, значыць – няма развіцця. Таму, не ў крыўду дэпутатам, павінны прыйсці людзі лепшыя. Парламент павінен прадстаўляць усе слаі нашага грамадства. Калі ў нас існуе сапраўдная апазіцыйная партыя, і яна павінна прадстаўляць сваіх кандыдатаў, вылучаць сваіх кандыдатаў і абараняць іх падчас перадвыбарчай кампаніі.

Такая разнарадка прагучала з вуснаў кіраўніка дзяржавы. Яна сведчыць, што мяняецца агульная рыторыка, кажа палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі. Але выйграць у гэтай латарэі палітычным партыям амаль немагчыма, відавочна, улады прапусцяць у новы парламент толькі персанальна некаторых апазіцыянераў.

– Калі не можа структура, то можа быць нейкая пэўная асоба, якая разглядаецца кампраміснай для нейкай тонкай гульні кіроўнага рэжыму і апазіцыі і заходніх партнёраў, тады нехта можа патрапіць. Ну як гэта ў 2016 годзе патрапілі прадстаўніца Таварыства беларускай мовы Алена Анісім і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая. Яны па-свойму праявілі сваю актыўнасць у Палаце прадстаўнікоў. І вось зараз паглядзім, ці будзе гэта запатрабавана на наступны тэрмін.

31 са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага склікання зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы. Яны маюць намер прадоўжыць свае паўнамоцтвы яшчэ на адзін тэрмін. Паводле статыстыкі Цэнтральнай выбарчай камісіі, у Беларусі зарэгістравана 487 ініцыятыўных групаў для збору подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты на выбарах 2019 году. Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 чалавек, значыць, цяпер на месца прэтэндуе 4,42 кандыдата.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя