Партыя БНФ вылучыла 50 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў



Партыя БНФ вылучыла 50 прэтэндэнтаў, якія будуць рэгістравацца кандыдатамі у дэпутаты на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Адпаведнае рашэнне было прынятае 21 верасня на XIX з`ездзе партыі ў Мінску.

У Менску Партыя БНФ вылучыла 16 кандыдатаў, у Віцебскай вобласці — 7, Магілёўскай і Гарадзенскай — па 6, у Менскай, Берасцейскай і Гомельскай — па 5.

Перадвыбарная платформа будзе распрацаваная кіраўніцтвам Партыі БНФ сумесна з кандыдатамі на аснове праграмы партыі. Паводле слоў члена партыі, палітолага Юрыя Чавусава, гэта неабходна, паколькі сярод кандыдатаў ёсць прадстаўнікі розных грамадскіх арганізацый з рознымі поглядамі.

„Упэўнены, гэта патрыёты, якія будуць несці парадак дня ў масы. Ва ўсіх ёсць лакальны парадак дня, мясцовыя праблемы, важныя для мясцовай супольнасці. Але яны павінны стаяць на цвёрдай перадвыбарнай платформе”, — адзначыў ён.

Чавусаў дадаў, што зарэгістраваныя кандыдаты вылучаць у акруговыя выбарчыя камісіі сваіх прадстаўнікоў з правам дарадчага голасу.

На мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў партыя вылучыла 70 кандыдатаў, з іх былі зарэгістраваныя 46.

З 8 верасня ў краіне праходзіць працэс вылучэння кандыдатаў ад партый, працоўных калектываў, а таксама шляхам збору подпісаў.

Пачатак агітацыйнага перыяду кампаніі прызначаны на 8 кастрычніка. Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.

belapan.by