Пікеты “Шэрага Ката” пад бел-чырвона-белым сцягам
У сёлетняй парламенцкай выбарчай кампаніі вырашыў браць удзел вядомы на Аршаншчыне відэаблогер Дзмітрый Казлоў, які вядзе свой канал пад нікам “Шэры Кот”.
Больш за 2,5 тысячы падпісчыкаў глядзяць яго прамыя трансляцыі розных грамадскіх падзеяў – гэта сустрэчы з палітыкамі, акцыі пратэсту, варта ў Курапатах. Цяпер Дзмітрый Казлоў робіць стрымы і з уласных пікетаў па зборы подпісаў. Ён ладзіць іх у самых людных месцах Воршы, хаця збіранне подпісаў такім чынам аказалася не самым аптымальным метадам:
– Большая частка подпісаў збіраецца па кватэрах. На пікетах, на жаль, не вельмі шмат людзей: хтосьці палохаецца, калі бачыць камеру, хтосьці баіцца, што штосьці за гэта будзе – напрыклад, звольняць з працы… А калі ідзеш па кватэрах, то, я сказаў бы так, што кожны трэці, хто адчыняе дзверы, ён ставіць подпіс.
Дзмітрый Казлоў ладзіць пікеты пад бел-чырвона-белым сцягам, каб для ўсіх была відавочнай ягоная палітычная пазіцыя. Ён выходзіць на збор подпісаў у любое надвор’е, часам у кампаніі з сябрамі ініцыятыўнай групы з прафсаюзу РЭП, а іншым разам – адзін.
Тлумачыць мінакам, што не з’яўляецца чальцом нейкай апазіцыйнай партыі або руху, і што будзе незалежным кандыдатам. А бел-чырвона-белы сцяг выклікае хутчэй павагу, чымсьці непрыманне, адзначае відэаблогер:
– Некалькі чалавек падпісаліся, сказаўшы: “Вось гэта – нашы сапраўдныя нацыянальныя сімвалы”. Нехта праходзіць міма, было і некалькі “ватнікаў” так званых. Але такога, каб нехта казаў, што гэта кепскі сцяг, што фашыстоўскі, ці нешта такое,- такой негатыўнай рэакцыі не было, хоць я чакаў.
Дзмітрый Казлоў кажа, што ўдзельнічае ў гэтай парламенцкай кампаніі з цвярозым разуменнем таго, што сапраўдных выбараў у Беларусі няма. Але падчас збору подпісаў і агітацыйнай кампаніі можна бесперашкодна ладзіць пікеты і размаўляць з землякамі пра ўсе праблемы, якія беларускія ўлады спрабуюць схаваць ад грамадскасці.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя