„Каманда 28” збірае подпісы за свайго кандыдата
У Гародні вось ужо другі тыдзень як далучылася да выбарчага працэсу група аднадумцаў, актыўных людзей, з розных партыяў і рухаў. Назвалі яны сябе „каманда 28”. Штовечар у цэнтры горада яны разгортваюць нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, чым прывабліваюць мінакоў. Пакуль час агітацыі не надыйшоў, але ўжо цяпер можна пазнаёміцца, за каго гэтая „каманда 28” прапануе падпісацца.
Госць Рацыі – гарадзенскі палітык, намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.
РР: Зараз ідзе збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. Якія ёсць праблемы па інфармаванні, агітацыі насельніцтва адносна таго, што зараз адбываецца і што сярод прэтэндэнтаў на кандыдацтва ёсць людзі з дэмакратычнымі поглядамі?
Вадзім Саранчукоў: Зараз, калі ідзе збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў, любая агітацыя, згодна з выбарчым заканадаўствам, забаронена. І гэта вельмі вялікая праблема, таму што чалавеку вельмі цяжка проста пакінуць свой подпіс за кагосьці, калі ён не разумее, што гэты хтосьці будзе пасля дэклараваць. Таму вось менавіта гэты момант, калі выбарчае заканадаўства абмяжоўвае любое інфармаванне грамадзян выключна біяграфічнымі звесткамі. Калі чалавек падыходзіць да нашага пікета і пытаецца, а што вы будзеце рабіць? І я, акрамя таго, калі я нарадзіўся, дзе жыву, колькі ў мяне дзяцей, колькі маёмасці і з якой я партыі, нічога больш сказаць не магу. Бо гэта будзе ўспрынята як датэрміновая агітацыя. Таму такога кшталту моманты і ёсць зараз самай асноўнай праблемай.
Я ацэньваю папярэднія кампаніі, у якіх удзельнічаю, ацэньваю гэту, і ровень цікаўнасці людзей значна вышэйшы цяпер. Ровень рэзкасці ў ацэнцы сітуацыі, што датычна краіны, палітыкі, эканамічнага стану, значна большы, чым раней. Таму я абсалютна задаволены, што мы выкарыстоўваем гэту магчымасць, што мы штодня выстаўляем пікеты, што мы прыцягваем людзей, выкарыстоўваем мерапрыемствы, якія праводзяцца ў горадзе.
РР: У вашай нефармальнай „камандзе 28” людзі розных палітычных поглядаў, але вас яднае любоў да Беларусі. Што яшчэ?
Вадзім Саранчукоў: Любоў да Гародні, безумоўна. Мы ўсе – гарадзенцы, мы ганарымся і любім свой горад.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня