Урад павялічыў нарматыў выдаткаў на навучанне ў школах
У Беларусі з 2020 года будзе павялічаны нарматыў выдаткаў на навучанне і выхаванне аднаго навучэнца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 18 верасня 2019 года № 629, паведаміла прэс-служба Міністэрства адукацыі.
Так, у школах, размешчаных у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу, нарматыў складзе 1.954,8 рубля ў год, у сельскіх населеных пунктах – 4.463,87 рубля ў год.
На падставе нарматыву плануюцца выдаткі мясцовых бюджэтаў, якія накіроўваюцца на работу школ, падпарадкаваных структурным падраздзяленням мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
Папярэдні раз перагляд нарматываў праводзіўся ў пачатку гэтага года. Тады нарматыў для гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу з 1.401,2 рубля ў год вырас да 1.667,92 рубля, у сельскіх населеных пунктах – з 3.116,51 да 3.808,76 рубля ў год.
Акрамя таго, Савет міністраў прыняў пастанову ад 18 верасня № 630 «Аб павышэнні тарыфных ставак (акладаў) асобным катэгорыям педагагічных работнікаў», у адпаведнасці з якім асобным катэгорыям педагагічных работнікаў устанаўліваецца павышэнне тарыфных ставак (акладаў) на 20%. Гэта прыёмныя бацькі, бацькі-выхавальнікі, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, педагагічныя работнікі, прынятыя на працу ва ўстановы адукацыі, якія знаходзяцца ў гарадской мясцовасці, але працоўнае месца якіх размешчана ў сельскай мясцовасці. Гэта пастанова дзейнічае па 31 снежня 2019 года.
Са студзеня 2020 года пастановай Міністэрства адукацыі ад 3 чэрвеня № 71 прадугледжаны надбаўкі за працу ў сельскай мясцовасці кіраўнікам і спецыялістам устаноў адукацыі (іх структурных, адасобленых падраздзяленняў), бацькам-выхавальнікам, прыёмным бацькам, пастаяннае працоўнае месца якіх размешчана ў сельскай мясцовасці, у памеры 20% ад базавай стаўкі.