Такі вось перапіс…



Апошнім часам смс ад МНС ужо не здзіўляюць… Аранжавы ўзровень бяспекі то з-за ветру, то з-за дажджу, то ўсё гэта разам узятае ды яшчэ якая трасце ў камплекце!

Вось-вось пачнецца ў Беларусі перапіс насельніцтва. Здаецца, навіна не замоўчваецца і гучыць ледзь не з кожнага праса, але, пагадзіцеся, тэма важная. І хтосьці зверху вырашыў падстрахавацца і дадаткова нагадаць нам: «Народ, перапісвайцеся – працэс пайшоў!» У пачатку перапісу кожны грамадзянін нашай краіны атрымае смс. Там будзе пазначана, што-дзе-калі і як рабіць правільна. Нагадаюць і адрас сайта, на якім да 18 кастрычніка можна прайсці перапіс онлайн. Не паспелі скарыстацца інтэрнэтам? Вам застаецца пайсці на стацыянарны ўчастак або чакаць у госці перапісчыкаў… Бадай, быць тэхналагічна прасунутым таварышам – правільнае рашэнне.

Госці могуць надарыцца не самыя лепшыя і не заўжды яны будуць дарэчы… У Гародні сталі часцей наведваць пенсіянераў прадаўцы фільтраў для вады. Пераконваюць набываць іх тавар са зніжкай менавіта цяпер (кроў з носу ён вам патрэбен!) Ілжэперапісчыкі тэлефануюць і спрабуюць атрымаць асабістую інфармацыю (пашпартныя дадзеныя або дадзеныя банкаўскіх картаў). Усё гэта незаконна. Міліцыя нагадвае: сапраўдны перапісчык павінен мець пры сабе спецыяльнае пасведчанне і пашпарт, сумку з лагатыпам і планшэт. І ўвогуле, таварыш шаноўны… Прыняў удзел у перапісе – дапамажы «перапісацца» правільна сваім старэйшым родзічам, пра бабулю ды дзядулю не забывайся! Не тармазі! Пра мову таксама нагадай старэйшым і маладзейшым, а то сумленне потым не дасць спаць нармалёва.

Восень. Перапіс. Выбары… Натуральныя фільтры. І ніякіх непатрэбных фільтраў для вады.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ