Пра тое, “чаго няма”



Сёлетні верасень у Беларусі – гэта не толькі традыцыйныя капанне бульбы, выбіранне і церабленне буракоў, збор грыбоў, выпраўленне дзяцей у школу і даставанне цёплых апранахаў з шафаў і шуфлядаў. Не толькі надыход восені з яе непазбежнай слатой, азырай, калейдаскапічнай зменай дажджоў і сонца, кароткімі змрочнымі вечарамі і халоднымі дамамі перад ацяпляльным сезонам. Яшчэ на гэты верасень прыпала і так званая выбарчая кампанія ў нібыта парламент Беларусі. Усім даўно ведама, што аніякіх выбараў у Беларусі няма, што даўно створана сістэма татальных фальсіфікацый – ад кожнага выбарчага ўчастку на доле да самай вяршыні – Цэнтральнай выбарчай камісіі. Гэтая ЦэВэКа на чале з нязменнай і адыёзнай Лідзіяй Ярмошынай (яна на пасадзе старшыні ажно з 1996 года!) як ярмо на шыі катаржніка. Яе не змяніць, не сагнаць, не пераабраць. Сама таварыш кіраўнік ЦВК даўно ўжо пайшла б на пенсію, аднак яе не адпускае Вярхоўны Галоўнакамандуючы. Як любіў гаварыць яго даўні кумір – “Кадры вырашаюць усё!”

Якімі толькі сінонімамі не называюць гэтую дзяржаўную акцыю па пралангаванні народных паўнамоцтваў – і “выбары ў палату №6”,  і “выбары-дурыбары”, і “выбары-вырабы”, і ўрэшце “тое, чаго няма”. Дык вось выбараў няма, але нейкі выбарчы працэс усё ж ідзе. З дзяржаўнымі вылучэнцамі ў дэпутаты то ўсё ясна – кандыдатуры ўзгоднены, спісы даўно складзены, засталіся толькі рытуальныя фармальнасці. Для чыноўнікаў, якія трапляюць у так званы парламент – Палату прадстаўнікоў – гэта найвышэйшая ўзнагарода, сапраўдная сінекура. Трапіць з “вертыкалі”, дзе кожны дзень можна атрымаць “па шапцы” зверху, з выканаўчай ўлады, куды перыядычна скіроўваецца гнеў Зеўса Грамавержца, сапраўднае шчасце бюракрата. Канешне ў “палатцы” не тыя магчымасці і хіба ніжэйшыя заробкі, але ж там цёпла, утульна і зусім не страшна. Сядзіш сабе бесклапотна і толькі сочыш, каб не пераблытаць спрасоння патрэбную кнопку. Я б у такім парламенце, які практычна заўсёды галасуе аднагалосна, увогуле каля кожнага дэпутацкага крэсла і століка зрабіў бы па адной кнопцы. Каб не напружваць “народных абраннікаў”. А можа ня трэба і ніякай кнопкі. Хай бы рукі падымалі пры галасаванні – патрэбная ж нейкая фізічная зарадка і глядзелася б харашэй. Дзеля паўнаты праўдзівай карціны мушу толькі ўдакладніць, што не заўжды галасаванне ў апошнім парламенце было аднагалосным – прыгадаем эксперымент з пропускам у вышэйшы заканадаўчы орган дзвюх дэмакратычных прадстаўніц, якія перыядычна галасавалі “супраць”.  

А вось за прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі, якія ўдзельнічаюць у гэтым выбарчым спектаклі з заранёў прадказальным фіналам, сачыць куды цікавей. Спектр гэтых удзельнікаў, якія паводле ўладнага сцэнару павінны выканаць ролю статыстаў, вельмі шырокі. Ад штатных легітыматараў працэсу да шчырых і наіўных людзей, якія зусім нядаўна ангажаваліся ў палітыку, ад прайдзісветаў і ашуканцаў – да сапраўдных змагароў, якія праз гады даказалі сваю патрыятычную пазіцыю. Таму асабіста я не схільны да катэгарычна негатыўных ацэнак гэтага кола ўдзельнікаў. Хапае і без мяне тых, хто не шкадуе ў сваіх публікацыях і сацсетках чорных фарбаў у дачыненні да дэмакратычных вылучэнцаў. Бо ўсё ж некаторыя з удзельнікаў працэсу сапраўды імкнуцца паламаць заганны сцэнар улады.

Толькі з многімі прыхільнікамі ўдзелу ў гэтых выбарах цяжка пагадзіцца ў некаторых аргументах. Прыкладам, з тым, што такая выбарчая кампанія – адзіная магчымасць працаваць з людзьмі, даводзіць ім свае погляды і пазіцыю. Бо размаўляць з людзьмі, збіраць подпісы за нешта, рабіць карысныя грамадскія справы і таму падобнае можна ў кожны час. Другі аргумент, што на выбарах трэба “ісці да канца” зусім падаецца ні то хцівасцю, ні то нейкай дзіўнай цвёрдалобасцю. Бо, калі б гэтыя прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі, правёўшы працу і агітацыю выбаршчыкаў, дружна знялі свае кандыдатуры перад галасаваннем, то гэта было б эфектным ламаннем уладнага сцэнару. Але ж такога, на жаль, дакладна не адбудзецца.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ