„Гістэрыя” vs „млявасць”. Як беларусы рэагуюць на інтэграцыю з Расеяй
Беларусь і беларуская грамадзянская супольнасць перад парламенцкай і прэзідэнцкай кампаніямі. Дыскусію на такую тэму арганізаваў „Беларускі дом у Варшаве” у рамках канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні. Асноўным матывам была пагроза з Расеі.
Вайсковы аналітык з Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў зазначыў, што вакол пытання інтэграцыі ў Беларусі раздзьмулі „сапраўдную істэрыю”:
– Няма сведчанняў таго, што ў расейскія доўгатэрміновыя планы ўваходзіць анексія Беларусі. Калі мы паглядзім, якія найбольш пажаданыя фарматы адносінаў Расеі з Беларуссю для Крамля, то гэта адносіны Расеі і Паўднёвай Асеціі. Гэта фактычна неаімперыялістычная палітыка ў межах якой Крэмль хоча мець магчымасць уплываць на асноўныя знешнія і ўнутрыпалітычныя рашэнні ў Менску, таксама забяспечваць прыцягненне беларускіх рэсурсаў, уласную бяспеку і зарабляць на гэтым.
У сваю чаргу сацыёлаг з Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Аксана Шэлест мяркуе, што грамадства рэагуе на навіны пра інтэграцыю з Расеяй „вельмі млява”:
– Выглядае так, што сітуацыя змянілася і беларускія ўлады больш не могуць гуляць у тую гульню, у якую яны гуляюць гэтыя 20-ць год, а гэта тое, што яшчэ трэба даводзіць. Так прывыклі верыць, што Лукашэнка мае ўладу над усім, што мы думаем, што ён мае ўладу не толькі над Беларуссю, але і над Расеяй і напэўна над усім светам. Другі чыннік гэтага стаўлення – гэта проста звычка, што ад нас усё роўна нічога не залежыць. Мы ўжо столькі год нічога не вырашаем у гэтай краіне, што калі мы сутыкаемся з гэтым пытаннем і ведаем, што мы яго таксама не вырашым, то лепей пра яго не думаць.
Лідар цэнтру гарадскіх ініцыятываў з Магілёва Юрый Стукалаў падкрэсліў, што не заўважыў надзвычайнай прарасейскай актыўнасці на Усходзе краіны. Асноўная пагроза, на думку грамадскага дзеяча, паходзіць ад трансляцыі расейскіх каналаў. Адзін з з ініцыятараў акцыі #БНР100 і дырэктар крамы symbal.by Павел Белавус падсумаваў, што для супраціву расейскай небяспецы неабходна ўзмацняць беларускую нацыянальную свядомасць.
Цалкам рэпартаж слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Варшава