Андрэй Дзмітрыеў: Навошта абражаць людзей?
«Замест таго, каб ствараць у краіне пляцоўкі, дзе людзі могуць працаваць і даць ім гэтую магчымасць, дзяржава думае толькі пра тое, у чыю кішэню яшчэ залезці», – каментуе падрыхтоўку новага закона аб спагнанні грошай з так званых дармаедаў намеснік кіраўніка кампаніі «Гавары Праўду!» Андрэй Дзмітрыеў:
– Навошта абражаць людзей і называць іх дармаедамі? У нашай краіне шмат фрылансераў. Можна было б усталяваць падатак для тых, хто працуе без усялякіх кантрактаў. Я думаю, што народ плаціў бы. Але ж не, трэба ізноў прынізіць і сілком гэтыя грошы ў кагосьці адняць.
Грамадзяне, якія не з’яўляюцца рэзідэнтамі Беларусі, не будуць выплачваць так званы падатак на дармаедства. Пра гэта распавёў намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко. Нагадаем, на працягу месяца ўраду даручана дапрацаваць дэкрэт Лукашэнкі аб стымуляванні занятасці насельніцтва. Мяркуецца, што працаздольныя грамадзяне, якія не працавалі больш чым паўгода, будуць выплачваць так званы падатак на дармаедства. Ужо вядомая і сума падатку: 20 базавых велічынь.
Адначасова будзе вызначаны шэраг катэгорый грамадзян, якіх вызваляць ад выплаты збору, напрыклад, непрацаздольных або тых, хто займаецца выхаваннем дзяцей.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота zapraudu.info