Менская сустрэча па Украіне не адбылася



Пастаянны прадстаўнік Расеі пры АБСЕ Андрэй Келін лічыць, што ўкраінская ўлада рыхтуецца да сілавога вырашэння канфлікту на ўсходзе краіны. Такое меркаванне ён выказаў у каментары агенцтву ТАСС. „Адбываецца ратацыя ваеннага кантынгенту, адбываецца ўжо чацвёртая хваля мабілізацыі, па якой, як ужо абяцана, рушыць услед пятая і шостая, прынята вялікі ваенны бюджэт”, – растлумачыў ён.

У пятніцу ў Менску сарваўся чарговы раўнд перамоваў кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне, у якім павінны былі прыняць удзел прадстаўнікі Кіева, „ДНР”, „ЛНР”, Расеі і АБСЕ.

Другі прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, які з’яўляецца ўдзельнікам кантактнай групы, заявіў, што сустрэча ў Менску магчымая толькі пры ўдзеле Аляксандра Захарчанкі і Ігара Платніцкага, якія падпісалі ў верасні 2014 Менскія пагадненні. „З іншымі іх прадстаўнікамі мы ўжо сустракаліся тры разы, але яны не ўпаўнаважаны прымаць ніякіх рашэнняў”, – сказаў Кучма.

Нягледзячы на гэтую заяву, на перамовы прыехалі прадстаўнікі „ДНР” і „ЛНР” Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дайнэга. Кіраўнік баевікоў „ДНР” Аляксандр Захарчанка адмовіўся ўдзельнічаць у сустрэчы кантактнай групы. „Пакуль Украіна не прадаставіць афіцыйнага прадстаўніка Кіева, я не бачу сэнсу ехаць туды на чале рэспублікі, для гэтага ёсць падначаленыя”, – сказаў ён. Як паведамлялася, на думку Захарчанкі, вядзенне бою за ўсю Данецкую вобласць адпавядае Менскім пагадненням.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Прэс-службы АП