Андрэй Бастунец: Не веру я ў лібералізацыю…
Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец распавёў, чаму, на яго думку, у апошні час перасталі штрафаваць незалежных журналістаў.
Апошнія тры месяцы журналістаў тэлеканала ”Белсат” не штрафавалі за працу без акрэдытаці, хаця раней гэты працэс быў пастаянным. Што здарылася?
Андрэй Бастунец: Калі некаторыя кажуць, што ўлады чарговы раз пачалі лібералізацыю, то мне ў гэта не верыцца. Пацвярджэннем таго стала інфармацыя, што магілёўскую журналістку Дар’ю Чульцову абвінавачваюць у тым, што яна зрабіла для тэлеканала “Белсат” відэасюжэт пра новапрызначанага галоўнага ідэолага краіны Андрэя Кунцэвіча.
РР: Але ж раней і насамрэч не штрафавалі…
Андрэй Бастунец: Я звязваю гэта з тым, што ў Беларусі праходзілі Еўрапейскія гульні, і на гэты час было пэўнае зацішша ў плане рэпрэсій да журналістаў-фрылансераў. Але не магу сказаць, як будуць далей развівацца падзеі.
Магчыма, падчас парламенцкай кампаніі гэтыя рэпрэсіі таксама не будуць вельмі жорсткімі, каб у еўрапейскіх структур было менш нагодаў даваць негатыўныя ацэнкі палітычнай кампаніі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя