Анатоль Шумчанка: Чаму адным можна, а іншым нельга?



Старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка пракаментаваў адкрыццё ў сталіцы першага кіёска “Табакерка”.

У Менску запрацаваў першы кіёск «Табакерка», паведамляе Realty.tut.by.

«Табакеркі» па ўсёй краіне ўсталёўвае падкантрольная бізнесмену Аляксею Алексіну кампанія «Энергія-ОІЛ», якая рэалізуе інвестпраект па стварэнні недзяржаўнай сеткі па гандлі тытунёвымі вырабамі. У рэгіёнах працэс ідзе яшчэ з канца 2018 года, але для Менска гэта справа была асабліва балючай.

Анатоль Шумчанка: Гэта неверагодная несправядлівасць у дачыненні да простых людзей, і гэта абсалютна няроўныя ўмовы для буйнога бізнесу і прадпрымальнікаў. Пра цывілізаваную канкурэнцыю тут няма і гаворкі.

Калі вы дазваляеце гандляваць алігарху, то чаму забаранілі рабіць тое ж самае прадпрымальнікам і не дазваляеце ім зараз гэтым займацца? Чаму адным можна, а іншым нельга?

РР: Алігарх знаходзіцца ў асаблівым статусе?

Анатоль Шумчанка: Па афіцыйных звестках, ён жа, маўляў, рэалізуе нейкі інвестпраект, але складваецца ўражанне, што тут паўплывалі і іншыя фактары. Самае дзіўна, што і Міністэрства гандлю, і Міністэрства аховы здароўя ў гэтай сітуацыі маўчаць, як рыбы. Відаць, у гэтай сітуацыі ад іх нічога і не залежыць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ПЦ „Вясна”