Ягор Герасімаў перамог кітайца Чжэ Лі на старце турніру ў Чэнду



Першая ракетка Беларусі Ягор Герасімаў (98 АТП) з перамогі стартаваў на турніры ў кітайскім Чэнду.

У матчы 1/16 фіналу ён у трох сэтах перайграў уладальніка „уайлд кард” гаспадара корта Чжэ Лі (234) – 4:6, 6:2, 6:3. На наступнай стадыі Герасімава праэкзаменуе пасеяны пад першым нумарам амерыканец Джон Ізнер.

Вольга Гаварцова (216-ы нумар рэйтынгу WTA) завяршыла выступленне ў адзіночным разрадзе турніру ў Ташкенце. У 1/16 фіналу беларуска прайграла нямецкай тэнісістцы Таццяне Марыі (87) – 6:7 (5:7), 1:6.

Беларуская тэнісістка Лідзія Марозава і румынка Ірына Бегу выйшлі ў чвэрцьфінал парнага разраду на турніры ў Ташкенце. У матчы 1/8 фіналу беларуска-румынскі дуэт абыграў у двух сэтах амерыкана-польскую пару Франчэска Дзі Ларэнца / Катажына Кава – 6:4, 6:3.

Дачка Сяргея Мартынава Марыя ўзяла срэбра чэмпіянату Еўропы

Беларуска Марыя Мартынава, якая з’яўляецца дачкой алімпійскага чэмпіёна Сяргея Мартынава, заваявала сярэбраны медаль у стральбе з трох палажэнняў на чэмпіянаце Еўропы ў Балонні. Разам з узнагародай спартоўцы дасталася пуцёўка на Алімпійскія гульні-2020 у Токіо. Мартынава выбіла 456,9 ачка, адстаўшы ад швейцаркі Ніны Крыстэн на 3,7 бала. Трэцяй стала нарвежка Ені Сцэне.

Дар’я Блашко выйграла гонку пераследу на чэмпіянаце Украіны па летнім біятлоне

Былая беларуска, а цяпер ўкраінская біятланістка Дар’я Блашко стала пераможцай гонкі пераследу на чэмпіянаце Украіны па летнім біятлоне, які праходзіць у Чарнігаве. Спартоўка ні разу не памылілася на чатырох агнявых рубяжах і прыйшла да фінішу з велізарным адрывам ад бліжэйшай праследавацельніцы Анастасіі Меркушынай – 2 хвіліны 36 секунд. Трэцяе месца ў актыве Настассі Расказавай, якая прайграла Блашко звыш пяці хвілін.

Зборная Беларусі ўпершыню не змагла абыграць каманду Малдовы

Зборная Беларусі па міні-футболе згуляла ўнічыю 4:4 з камандай Малдовы ў рамках таварыскага матчу, які прайшоў у Стоўбцах. Пасля першага тайма беларусы вялі 1:0, дзякуючы голу Антона Гусакова. У другой палове гульні госці здолелі перахапіць ініцыятыву і за 40 секунд да заканчэння матчу вялі 4:3. Аднак беларусы здолелі сысці ад паразы ў самым канцы, калі Сяргей Крыкун зраўняў лік. Гэта была дзясятая сустрэча беларусаў і малдаван, ва ўсіх папярэдніх паядынках перамагалі беларусы.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tennis.by