Чаму беларуская рэчаіснасць круцейшая за «Гульню тронаў»?



Рэйтынгі – справа ўмоўная, але ўсё роўна прыемна, калі тваю краіну згадваюць на міжнародным узроўні. Прычым не з нагоды чарговага абсурднага закону альбо разгону антыўрадавага мітынгу, а за дасягненні ў сферы культуры. Кніга беларускай нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч “Час сэканд хэнд” заняла трэцяе месца з сотні лепшых твораў сусветнай літаратуры ХХІ стагоддзя. Гэты рэйтынг складала ўплывовае выданне “The Guardian”. Апрача гонару, які адчуваюць многія прыстойныя беларусы, калі чуюць пра такія дасягненні сучасніцы, ёсць таксама і дамешак сораму ці, як гэтую з’яву прынята называць, іспанскага сораму. Сораму за тое, што беларуская дзяржава ў школьныя праграмы па літаратуры ўводзіць сумнеўных аўтараў з праўладнага саюза пісьменнікаў, але ігнаруе Святлану Алексіевіч. Хоць даўно ўжо не гляджу беларускае дзяржаўнае тэлебачанне, але сумняюся, што навіну пра адзначэнне Святланы Алексіевіч паведамілі ў прайм-тайме. Хутчэй за ўсё гаваркія галовы з тройкі вядучых тэлеканалаў чарговы раз адзначылі поспехі нашых аграрыяў у бітве за ўраджай.

Зрэшты, не толькі ўлады ўспрымалі і ўспрымаюць поспех Святланы Алексіевіч з насцярожанасцю. Многія калегі па пісьменніцкім цэху да моманту атрымання Нобеля выказвалі крытыку ў кулуарах, а хтосьці і адкрыта сумняваўся ў шансах пісьменніцы на найвышэйшую ўзнагароду ў галіне літаратуры. Аднак, каб пераканацца ў адваротным, усім скептыкам варта было здзейсніць паход па замежных кнігарнях. За некалькі гадоў да ўручэння прэміі ў Стакгольме ў польскіх кнігарнях кнігі беларускай пісьменніцы выстаўляліся на самых заўважных месцах. У іншых замежных краінах творчасць Святланы Алексіевіч каціравалася таксама высока. Такім чынам, ацэнка шведскіх акадэмікаў не надта супярэчыла густам заходніх чытачоў і выдаўцоў.

Адзін знаёмец з Беларусі, які з’ехаў у ЗША і робіць там досыць паспяховую кар’еру, абмяркоўваючы навінкі сусветнага кінематографа, выказаў меркаванне, што сярод беларусаў больш высокі працэнт аматараў складаных фільмаў, чым сярод амерыканцаў. Маўляў, беларуская рэчаіснасць настолькі трагічная (ад праблемаў у побыце, мізэрных заробкаў і бяспраўя), што гэта не дазваляе людзям станавіцца чэрствымі ў плане ўспрымання мастацтва. Дарэчы, трагізм “звычайнага” чалавека – гэта ці не галоўная тэма творчасці Святланы Алексіевіч, адлюстраваная ў яе ранніх і позніх кнігах. І, самае цікавае, душэўныя перажыванні соцень герояў, якія зафіксавала аўтарка ў творах, таксама знаходзяць водгук у жыхароў больш паспяховых рэгіёнаў планеты. Доказам гэтага з’яўляецца планетарны трыюмф серыяла “Чарнобыль”, створанага на тэлеканале HBO. Гэтая стужка, заснаваная на рэальных падзеях і ў аснове сцэнара якой ляжыць кніга Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”, атрымала ажно тры прэміі “Эмі” ў намінацыях “Найлепшы міні-серыял”, “Рэжысура міні-серыялу, фільма і драматычнай праграмы” і “Сцэнар міні-серыялу, фільма і драматычнай праграмы”. Тым самым, стужка, у якой апавядаецца ў тым ліку пра адносна нядаўнюю трагедыю беларускага народа, абышла нават “фаварыта” “Гульню тронаў”. І вось у такі момант нават не ведаеш, як рэагаваць: ці тое смяяцца, ці плакаць, бо нашае дэпрэсіўнае жыццё, аказваецца, куды цікавейшае за фэнтэзі з рыцарамі, мерцвякамі і цмокамі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ