Гародня: 50 год Юрыя Гуменюка



У дзень 50-годдзя паэта і журналіста Юрыя Гуменюка ў Цэнтры гарадскога жыцця Алесь Аркуш прэзентаваў новую кнігу «Захлынуцца апантанасцю жыцця». Кніга складзена з артыкулаў Юрыя Гуменюка, што друкаваліся ў газеце «Пагоня».

Пра імпрэзу кажа Алесь Аркуш:

– Мне прыемна, што сабраліся людзі, і мне прыемна, што прыйшлі людзі, якія ведалі, памяталі і любяць Юру, якія выступалі тут, як мастак Сяргей Грыневіч. Не ведаю, ці быў ён сябрам Юркі Гуменюка, але для Юры ён быў вельмі блізкім чалавекам. Ён прыходзіў да яго ў майстэрню, ён любіў яго творчасць.

Пра Юру Гуменюка ўзгадвае гарадзенскі паэт Анатоль Брусевіч:

– Юры Гуменюк быў для Гародні вельмі цікавай постаццю – паэт, даследчык, журналіст. І з яго імем, відаць, звязаныя найбольш цікавыя гады ў гарадзенскім працэсе. Гэта 90-ыя гады – канец 80-х гадоў, калі ў Гародні ажыццяўляў сваю дзейнасць верш-гурт «Дыяген». Прыгадайма, што гэта першы такі авангардны гурт паэтычны, якога не было ў Беларусі.

На сустрэчу прыйшлі журналісты, што працавалі разам з Юры Гуменюком у «Пагоні», гарадзенскія паэты і пісьменнікі, а таксама грамадскія дзеячы, якія ўзгадвалі сваё знаёмства з паэтам.

Беларускае Радыё Рацыя