Працягваецца супрацьстаянне ў Данецкім аэрапорце – АТО (абноўлена)
Над пазіцыямі добраахвотнікаў, якія адбіваюць напады расейскіх войскаў і тэрарыстаў, лунае забаронены ў Беларусі нацыянальны сцяг. Пра гэта гаворыцца ў запісе «Згуртавання патрыётаў» у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».
«На пазіцыях, разам з украінскімі сцягамі, лунаў бел-чырвона-белы сцяг. Пяскі, раён Данецкага аэрапорта», – гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, на працягу апошніх дзён баевікі ўшчыльную наблізіліся да пазіцый ўкраінскіх сілавікоў ў аэрапорце Данецка. Пазней тэрарысты некалькі разоў заяўлялі, што яны нібыта «зачысцілі» тэрмінал аэрапорта, у якім былі заблакаваныя байцы. Аднак прадстаўнікі ўкраінскіх ваенных пацвердзілі, што баі за тэрмінал аэрапорта працягваюцца і абверглі інфармацыю сепаратыстаў, што тыя ўзялі яго пад кантроль.
Раней ужо неаднаразова паведамлялася аб тым, што беларусы таксама прымаюць удзел у баях супраць тэрарыстаў.
Украінскія байцы ўтрымліваюць пазіцыі ў стратэгічнай кропцы пад захопленым тэрарыстамі Данецкам ўжо некалькі месяцаў.
* * *
Баевікі атакавалі пазіцыі сіл АТО ў раёне новага тэрмінала і метэавышкі. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар АТО Андрэй Лысенка на брыфінгу ў суботу 17 студзеня, паведамляе bbc.co.uk.
„Вайскоўцы адбіваюць атакі тэрарыстаў, наносячы ім цяжкія страты, і працягваюць утрымліваць гэты стратэгічны аб’ект пад сваім кантролем”, – сказаў Андрэй Лысенка.
За апошнія суткі ў зоне правядзення антытэрарыстычнай аперацыі загінулі трое вайскоўцаў, яшчэ 18 атрымалі раненні. Прадстаўнік АТО адзначыў, што гэта зводныя дадзеныя па ўсёй тэрыторыі правядзення аперацыі.
Ваенныя, якія атрымалі раненні ў выніку баёў у Данецкім аэрапорце, праходзяць лячэнне ў ваенным шпіталі ў Днепрапятроўску, дадаў прадстаўнік АТО. Паводле яго слоў, байцам пастаянна адпраўляюць падмацаванне, а таксама боепрыпасы, правіянт і лекі. Прарасейскія баевікі абвінавачваюць ўкраінскіх вайскоўцаў у абстрэле Данецка.
Данецкі аэрапорт 15 студзеня. Паветраная разведка. Войска SOS