Каманда #Kalinouski2019 згодная ўзяцца за перапахаванне



Некалькі дзён вядзецца спрэчка пра тое, дзе мусяць быць перапахаваныя парэшткі нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага.

Гарадзенцы, якія займаюцца ўшанаваннем памяці паўстанцаў 1863 году, прынялі рашэнне, што згодныя ўзяць адказнасць за яго перапахаванне ў Беларусі.

Кажа прадстаўнік кампаніі намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:

– На сённяшні дзень складана выглядае пытанне, што літоўскі бок пагодзіцца на гэтую прапанову. У такім выпадку мы гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за арганізацыю, каардынацыю пахавання і апекаванне мемарыялам. Я абсалютна перакананы, што месца беларускіх герояў у беларускай зямлі. Калісьці ўсё менавіта так і будзе.

Літоўскія ўлады паведамілі пра тое, што перапахаванне парэшткаў паўстанцаў, знойдзеных на гары Гедзіміна, адбудзецца 22-га лістапада 2019 года на могілках Росы ў Вільні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня