Чаму віцебляне не хочуць падпісвацца за вылучэнне кандыдатаў



Патэнцыйная кандыдатка ў дэпутаты Парламенту,  удзельніца  руху “Маці 328”  і прыхільніца кампаніі “Гавары праўду”  Наталля Шарыпа завяршае збор подпісаў. За яе вылучэнне падпісаліся ўжо больш за 900 чалавек, але  бясплённых зваротаў да землякоў было куды болей.

Наталля  Шарыпа жартуе, што падчас абыходу кватэр сабрала цэлую калекцыю стандартных адгаворак:

– Так  гэта смешна выглядае, калі яны прыдумляюць нахаду. Напрыклад, пашпарт. Пашпарт – гэта такая хітрая кніжачка,  толькі і чуеш: “Ой!  А пашпарт у мужа”… Ці ў жонкі, ці ў сына, ці на лецішчы. То пойдзе шукаць, дзесяць хвілін ходзіць – няма. Рознае прыдумляюць,  але што б яны ні казалі , у вачох – страх.

Паводле Наталлі Шарыпы, вельмі часта людзі адмаўляюцца падпісацца за яе вылучэнне, бо падпісаліся за іншага кандыдата.  Даводзіцца тлумачыць, што свой подпіс можна ставіць за некалькіх кандыдатаў, і гэта законна: інакш не будзе з каго выбіраць. Па гэтай самай акрузе збіраецца балатавацца рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту, і людзі часта кажуць, што ім забаронена падпісвацца за кагосьці яшчэ.

Нярэдка ў кватэры іх проста не пускаюць, распавяла ўдзельніца ініцыятыўнай групы Ірына Навумава:

– У нас у Віцебску дужа баязлівыя людзі. Не тое што дзверы не адчыняюць – нават з-за дзвярэй баяцца размаўляць! Паглядзяць у “вочка” і адыходзяць. Прычым па рыпучай падлозе, і я ўсё чую! Спрабую тлумачыць, што мы подпісы збіраем за вылучэнне кандыдата ў дэпутаты. Але я размаўляю з дзвярыма, бо мне ніхто не адказвае. Я думала, што людзі будуць больш актыўнымі.

Неабходная для рэгістрацыі колькасць подпісаў за кандыдата  – тысяча.  Наталля Шарыпа мяркуе, што трэба мець і запас, бо частку подпісаў могуць забракаваць. Цяпер, калі большая частка працы ўжо зроблена, патэнцыйная кандыдатка  пачала ладзіць пікеты: подпісы на іх збіраць складана, затое  можна публічна абвясціць пра сваю грамадзянскую пазіцыю.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя