У Менску падсумавалі вынікі 4-га конкурсу „Народны журналіст”



Па словах аднаго з арганізатараў гэтага праекту Вінцука Вячоркі, задуманы ён быў як спаборніцтва не прафесійных журналістаў, а неабыякавых, дзейсных, таленавітых людзей розных заняткаў і прафесій:

– Гэта звычайныя людзі – яны пішуць, фатаграфуюць, здымаюць відэа і спрабуюць узняць свой голас, каб быць пачутымі. А мы ім даём трыбуну, прыступку, дадатковы рупар. І,  вядома, адзначаем і стымулюем найлепшых. Сёлета ў чатырох намінацыях былі  чацвёра пераможцаў.

У намінацыі „Найлепшы тэкст” перамог Аляксандр Малочка з Салігорску, які надрукаваў шэраг артыкулаў пра сітуацыю на „Беларуськаліі”. Лепшым у намінайцыі „Мультымедыя” стаў Сяргей Пятрухін з Берасця за сюжэт у абарону жыхароў гораду, якіх улады высяляюць з жылля ў цэнтры, аддаючы зямлю камерцыйным структурам пад новабуд. Пераможцам намінацыі „Баронім сваё” стаў Сяргей Кійко са Слуцку, які зрабіў матэрыял у абарону гістарычных помнікаў горадку. А лепшым маладым народным журналістам стаў Зміцер Суганяеў з Берасця за відэарапартаж пра занядбаны стан аднаго з фартоў Брэсцкай крэпасці.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя