Лукашэнка: Не настолькі я трымаюся за прэзідэнцкае крэсла, каб здаць краіну



Аляксандр Лукашэнка адмаўляе магчымасць аб’яднання Беларусі з Расеяй. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з украінскімі журналістамі 26 верасня ў Менску.

«У нас у Беларусі таксама [кажуць], асабліва больш нацыяналістычныя колы: вось Лукашэнка здасць суверэнітэт і незалежнасць. Глупства поўнае, пляваць мне на маю гэтую ўладу і іншае. Слухайце, я ўжо 25 гадоў прэзідэнт. Я што, на 26-м годзе свайго прэзідэнцтва павінен паставіць крыж не толькі на 25-гадовай незалежнай Беларусі, якой я як магу кірую, але наогул на марах усіх беларусаў, якія стагоддзямі марылі быць незалежнымі. Не настолькі я трымаюся за гэта крэсла, каб здаць краіну», – заявіў Лукашэнка.

Таксама ён расказаў, што ўздымаў тэму незалежнасці Беларусі ў размовах з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

«Я прыадкрыю сакрэт гэты, калі мы абмяркоўвалі гэтую праблему з Пуціным, – я яе падняў – я яму проста сказаў: калі ў вас ва ўрадзе або ў цябе ёсць думка пра тое, што мы можам увайсці ў склад Расеі або абʼяднацца з Расейскай Федэрацый у адну дзяржаву, выкінь гэта з галавы. Чыста эмацыйна. Скажыце, я што, першы прэзідэнт для таго, каб пабудаваць гэту дзяржаву і некуды яе ўключыць? Ён кажа: ды бог з табой, у нас нават няма думкі такой», – сказаў Лукашэнка і заявіў пра намер умацоўваць суверэнітэт Беларусі.

«Мы ёсць суверэнная незалежная дзяржава, не менш, чым Украіна. Так, на нас уплывае Украіна, на нас уплывае Польшча – у рознай ступені, балтыйскія краіны – у меншай ступені. У большай ступені Расейская Федэрацыя. Свет узаемазалежны. Але мы як ёсць суверэнныя, так і будзем суверэнныя і незалежныя. Мы будзем толькі ўмацоўваць свой суверэнітэт і сваю незалежнасць, чаго б нам гэта ні каштавала», – падкрэсліў афіцыйны лідар.

У канцы 2018 года расейскі бок ініцыяваў тэму больш цеснай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў Саюзнай дзяржаве. У снежні Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. Яны дамовіліся аб стварэнні рабочых груп «для вырашэння пытанняў у рамках далейшай інтэграцыі дзвюх краін».

18 ліпеня гэтага года на перамовах у Санкт-Пецярбургу Лукашэнка прапанаваў Уладзіміру Пуціну вырашыць усе праблемы інтэграцыі да снежня, калі будзе адзначацца 20-годдзе падпісання дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

23 жніўня па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам беларускі прэмʼер Сяргей Румас паведаміў, што праект абноўленай праграмы па рэалізацыі саюзнай дамовы налічвае 66 пунктаў. У аснове канцэпцыі – прынцып «дзве краіны – адзін рынак», і ў ёй «няма пытанняў палітычнага характару».

16 верасня расейская газета «КоммерсантЪ» раскрыла падрабязнасці Праграмы дзеянняў Беларусі і РФ па рэалізацыі палажэнняў дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Паводле ацэнкі выдання, праграма дзеянняў, якую парафіравалі 6 верасня ў Маскве прэмʼер-міністры Расеі і Беларусі, гэта «даволі радыкальны праект»: эканамічная інтэграцыя да 2021 года на ўзроўні не меншым як у Еўразвязе, а ў шэрагу пытанняў – аналагічная канфедэратыўнай ці нават федэратыўнай дзяржавам. «Пры рэалізацыі плана да гэтага тэрміну гаворка ідзе пра паглынанне моцна адзяржаўленай эканомікай Расеі амаль цалкам дзяржаўнай эканомікі Беларусі на ўзроўні кіравання», – пісаў «КоммерсантЪ». Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб пераходзе на адзіныя падатковы і грамадзянскі кодэксы, агульны знешнегандлёвы рэжым, а таксама стварэнні адзінага рэгулятара рынкаў нафты, газу і электраэнергіі.

БелаПАН