Літва занепакоеная бяспекай БелАЭС
Мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус на сустрэчы з новым паслом Беларусі Валерыем Бараноўскім 26 верасня папрасіў даць магчымасць наўпрост атрымліваць звесткі маніторынгу навакольнага асяроддзя з Беларускай АЭС, паведамляе літоўскі партал Delfi са спасылкай на балтыйскае інфармагенцтва BNS.
Шымашус паведаміў агенцтву, што на сустрэчы з беларускім дыпламатам ён чарговы раз нагадаў, што Літва «незадаволеная будаўніцтвам атамнай станцыі і занепакоеная яе бяспекай».
«Пасол спрабаваў расказваць, што ўсё з ёй добра, – адзначыў мэр літоўскай сталіцы. – Я дакладна інфармаваў, што нам натуральным чынам не хапае даверу. Ці сапраўды там усё добра? Я інфармаваў пасла, што калі ўжо яны рыхтуюцца ўвесці гэтую атамную станцыю ў эксплуатацыю, з чым мы зусім не згодныя, то мы б хацелі бачыць прыродаахоўныя звесткі онлайн, пастаянна, на месцы, а не праз нейкую сістэму інфармавання».
«Натуральна, што даверу пакуль няма, і павысіць яго можа толькі поўнае раскрыццё інфармацыі», – сказаў ён.
На сустрэчы Шымашус таксама заявіў, што Літва хоча «падтрымліваць суседскія адносіны» і бачыць Беларусь «самастойнай краінай, а не сатэлітам Расеі».
Ён адзначыў, што каля 20 гадоў таму быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Вільняй і Менскам, аднак «зараз ніякага супрацоўніцтва няма».
«Па праўдзе кажучы, паколькі я аб’яўлены ў Расеі персонай нон грата, я не ўпэўнены, што магу проста прыехаць у Беларусь. Яснасці няма, пасол у гэтай сувязі не змог нічога пракаментаваць. Я таксама сказаў паслу, што супрацоўніцтва часам ускладнена вельмі розным стаўленнем да каштоўнасцяў, правоў чалавека і дэмакратыі», – дадаў мэр Вільні.
Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расейскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрыта да 2035 года. Ядзернае паліва, як чакаецца, паступіць на атамную станцыю восенню. Завяршыць увод у эксплуатацыю першага энергаблока АЭС плануецца ў пачатку 2020 года. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·г электраэнергіі штогод.
Самым актыўным крытыкам БелАЭС, нагадаем, зʼяўляецца Літва. У Вільні перакананыя, што яе будаўніцтва вядзецца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Беларусь гэтыя прэтэнзіі адхіляе. 15 чэрвеня 2017 года літоўскі сойм прыняў закон аб прызнанні Беларускай АЭС небяспечнай і што яна ўяўляе пагрозу для літоўскай нацыянальнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і грамадскага здароўя. Раней парламент Літвы прыняў закон, закліканы абмежаваць імпарт электраэнергіі з Беларусі і Расеі. Літва таксама заклікала суседзяў з ЕЗ (Латвію, Эстонію, Польшчу і Фінляндыю) не купляць электраэнергію з атамных электрастанцый у Беларусі і Калінінградскай вобласці Расеі.