Юрась Беленькі: Так званая апазіцыя ідзе на выбары, каб легітымізаваць “палатку”
Намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі распавёў, чаму не лічыць патрэбным удзельнічаць у кампаніі па выбарах у “парламент”.
Юрась Беленькі: Калі я бачу пікеты па зборы подпісаў, то гэта, безумоўна, сумнае відовішча. Па тварах людзей, якія праходзяць побач, можна здагадацца, як яны ацэньваюць гэтых пікетоўцаў. Абсалютная большасць насельніцтва добра навучана вопытам правядзення ў Беларусі выбараў і цудоўна разумеюць, што насамрэч адбываецца.
Дрэнна, што на такія пікеты выходзяць і людзі з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі і заклікаюць удзельнічаць у ілжывым мерапрыемстве.
РР: Кожны хоча выкарыстаць выбарчую кампанію ў сваіх мэтах…
Юрась Беленькі: У 2000 годзе ўладзе вельмі патрэбна была легітымізацыя “палаткі”, я памятаю, як усё адбывалася. На 2001 год быў запланаваны рэферэндум, і наша партыя тады тлумачыла, да чаго гэта можа прывесці. Усе, акрамя Мікалая Статкевіча, тады падтрымалі байкот, і нам удалося так зрабіць, што нават дзяржаўнае тэлебачанне паведаміла, што выбары не адбыліся ў Менску, Салігорску і некаторых іншых гарадах. Выбары тады не прызналі, як не прызналі ў свеце і беларускі “парламент”. Пасля гэтага правядзенне рэферэндума для Расеі згубіла сэнс, бо не было легітымнага “парламента”.
Гэты працэс адклалі да лепшых часоў, і што мы бачым зараз? Ідзе рэзкая актывізацыя інтэграцыі. Высокія асобы з МЗС заяўляюць, што дзеянні адбываюцца ў межах Саюзнай дамовы. Хаця гэтая дамова – юрыдычна нікчэмны дакумент, бо наўпрост супярэчыць Канстытуцыі Беларусі.
Але калі чыноўнікі робяць такія заявы, значыцца атрымалі карт-бланш. І ў гэтым рэчышчы напрошваецца выснова, што рэжыму зараз патрабна легітымная “палатка”. Легітымнасць змогуць пацвердзіць так званыя прадстаўнікі апазіцыі, хаця ўсе разумеюць, што выбараў няма. І ўжо легітымная “палатка” зможа юрыдычна пацвердзіць аншлюс Беларусі. У гэты спектакль уключыліся многія людзі, якія, відаць, не падумалі, што могуць паспрыяць ліквідацыі краіны.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя