Віктар Маргелаў: У палітыцы і эканоміцы патрэбна канкурэнцыя



Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў выказаў сваё стаўленне да адкрыцця па ўсёй краіне кіёскаў “Табакерка”.

Як ужо паведамлялася, у Менску запрацаваў першы кіёск «Табакерка».

«Табакеркі» па ўсёй краіне ўсталёўвае падкантрольная бізнесмену Аляксею Алексіну кампанія «Энергія-ОІЛ», якая рэалізуе інвестпраект па стварэнні недзяржаўнай сеткі па гандлі тытунёвымі вырабамі. У рэгіёнах працэс ідзе яшчэ з канца 2018 года, але для Менска гэта справа была асабліва балючай.

Віктар Маргелаў: Я вельмі негатыўна стаўлюся да такога “праекта”, бо грамадству прадстаўляюць прадукт на няроўных умовах канкурэнцыі. Кіёскі прадпрымальнікаў у свой час знеслі, а зараз ставяць ужо іншыя – але алігарха, які ўжо пачынае паказваць мускулы. То дае цыгарэты гандлёвым сеткам, то не дае. Не выключаю, што наогул можа не даваць цыгарэты, калі з’явяцца тысячы яго кіёскаў.

У нас наогул цыгарэтная сфера лічыцца фаварытнай. Напрыклад, кошты на гэтую прадукцыю жорстка рэгуляюцца, іх можна падвышаць рознічнаму гандлю не больш чым на 8-9 адсоткаў. Менш чым на малако, хлеб і іншыя прадукты. Цыгарэты – гэта сацыяльна значны тавар? Але ж тут найперш захоўваюць інтарэсы цыгарэтных “баронаў”.

РР: Чаму склалася такая сітуацыя з “Табакеркамі”?

Віктар Маргелаў: Найперш у палітыцы і эканоміцы павінна быць здаровая канкурэнцыя. А гэтага няма, таму і маем сёння зараз тое, што маем.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя