„Зялёныя” вырашылі прыняць удзел у выбарах
Беларуская партыя „Зялёныя” вырашыла прыняць удзел у выбарчай кампаніі 2019 года, каб падтрымаць кампанію па абароне незалежнасці Беларусі, моладзевыя кліматычныя акцыі і прасоўваць тэму недапушчальнасці запуску БелАЭС. Рашэнне было прынята на з’ездзе партыі.
Ілюстрацыйнае фота
Сябра „зялёных” Зміцер Кучук адзначае, што выбараў у Беларусі даўно ўжо няма:
– Іх ужо няма даўно, таму мы сыходзім з таго, што мы будзем у гэты момант рабіць больш інфармацыйную кампанію, чым выбарчую.
Як адзначае старшыня партыі „Зялёныя” Настасся Дарафеева, яны не лічаць гэтую кампанію выбарамі і не маюць намеру рабіць выгляд, што змагаюцца за месцы ў Палаце прадстаўнікоў:
– Лічым, што вольных і справядлівых выбараў, нармальных дэмакратычных у Беларусі ўжо даўно не адбывалася, і гэтая выбарчая кампанія не стане выключэннем. Гледзячы па той дынаміцы, што ўжо назіраецца, мы ўключаемся ў гэты працэс зараз таму, што хацелі б скарыстаць гэты час як нагоду, каб падняць у грамадстве і медыйнай прасторы тыя тэмы, тыя праблемы, якія нас хвалююць.
Галоўнымі тэмамі на парадку дня партыі „Зялёныя” будуць захаванне незалежнасці Рэспублікі Беларусь у святле пагрозы „паглыбленай інтэграцыі” з Расеяй. Недапушчэнне запуску АЭС у Астраўцы, патрэба пераходу Беларусі на ўзнаўляльную энергетыку, як грунт для энергетычнай і эканамічнай незалежнасці.
Усе кандыдаты гатовыя прадставіць свае пляцоўкі моладзі, якая хоча далучыцца да глабальных кліматычных акцый. Ва ўмовах, калі закон пра масавыя мерапрыемствы робіць падобныя дзеянні фактычна немагчымымі, партыя „Зялёныя” лічыць важным забяспечыць легальныя і бяспечныя пляцоўкі для выказвання моладдзю сваіх меркаванняў.
Беларускае Радыё Рацыя