Беларускі трапілі ў фіналы на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы



Беларуская скакуха ў вышыню Карына Дзямідзік выйшла ў фінал чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы, які праходзіць у сталіцы Катара Досе. Спачатку беларуска заваявала вышыню 1 м 80 см, а потым скокнула на 1 м 85 см. З дзевятнаццаці спартовак, якія выступалі разам з Карынай у групе В, пяцёра скончылі спаборніцтва, не дабраўшыся да адзнакі 1 м 89 см. Аднак беларуска заваявала і яе. Пасля яна ўзяла і вышыню 1 м 94 см, наўпрост кваліфікаваўшыся ў фінал. Беларуска Ірына Жук кваліфікавалася ў фінал спаборніцтваў па скачках з шастом. Пропускам у вырашальную стадыю спаборніцтваў сталі 4 м 60 см, якія беларусцы скарыліся з першай спробы. Беларускія кідальніцы молата таксама выйшлі ў фінал. Ганна Малышчык трапіла ў кваліфікацыйную групу А, выканала нарматыў з трэцяй спробы, адправіўшы снарад на 72,59 м. Гэта чацвёрты вынік сярод 10 прэтэндэнтак на месца ў вырашальнай стадыі спаборніцтваў. Алена Собалева выступала ў групе В і адправіла снарад на 71 метр 52 сантыметры, паказаўшы свой лепшы вынік сезону. Гэта крыху менш, чым кваліфікацыйны нарматыў, які быў усталяваны на адзнацы 72 м. Аднак такога выніку Собалевай хапіла, каб заняць шостую пазіцыю ў выніковым пратаколе сваёй групы і трапіць у фінал спаборніцтваў. Яшчэ адна беларуска – Анастасія Каламоец – з трох спробаў рэалізавала толькі адну. Молат паляцеў на 69 метраў 67 сантыметраў. Для працягу турнірнай барацьбы гэтага апынулася недастаткова. На Чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы барацьбу за 49 камплектаў медалёў вядуць каля 2 тысяч спартоўцаў з больш чым 200 краін. У іх ліку 30 лёгкаатлетаў з Беларусі.

 

Мужчынская зборная паказала другі камандны вынік у Патае

На чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы, які завяршыўся ў тайскім Патае мужчынская зборная Беларусі заняла другое месца ў камандным заліку турніру. На рахунку падначаленых Віктара Шэршукова 505 ачкоў. Лепшай мужчынскай дружынай планетарнага першынства стала зборная Кітая, на рахунку якой 700 пунктаў. У камандным заліку турніру сярод жанчын беларускі занялі 22-ю пазіцыю са 142 ачкамі. У тройцы лепшых – спартоўкі з Кітая, КНДР і ЗША. У Патае беларускія цяжкаатлеты заваявалі два медалі ў двубор’і. Вызначыліся Яўген Ціханцоў, які стаў чэмпіёнам свету ў вагавай катэгорыі 102 кг, і Андрэй Арамнаў, які ў вазе 109 кг выйграў срэбра.

 

«Нёман» вярнуў сабе лідарства ў экстралізе

Гарадзенскі «Нёман», перамогшы салігорскі «Шахцёр», скарыстаўся асечкай «Дынама-Маладзечна» ў паядынку з «Лідай» і вярнуўся на лідуючыя пазіцыі ў экстралізе А. Лёс паядынку паміж гарнякамі і гасцямі з Гародні вырашыўся ў другой палове першага перыяду, калі з інтэрвалам у пяць хвілін гаспадары прапусцілі тры выпады хакеістаў «Нёмана». Вызначыліся Мікіта Крыскін, Антон Елісеенка і Аляксандр Маляўка. Гульцы «Шахцёра» абрынуліся на брамку «Нёмана». Аднак усё, што ім атрымалася, – адквітаць дзве шайбы. Абодва разы гаспадары выкарыстоўвалі колькасную перавагу. Але ад паразы не сышлі – 2:3. Сенсацыя здарылася ў Маладзечна, дзе каманда з самай выніковай атакай экстралігі А так і не змагла закінуць хоць адну шайбу аднаму з аўтсайдараў турніру, «Лідзе». «Рыцары» вызначыліся на 40 хвіліне дзякуючы дакладнасці Ігара Спешылава, а затым пісьменна адбіваліся ад нападаў суперніка і лік застаўся 1:0. Здавалася б, «Гомель» стане для «Юнацтва» лёгкай здабычай. І менчукі доўга вялі ў ліку, вызначыўшыся ўжо на пятай хвіліне матчу. Але ў самым пачатку трэцяга перыяду «рысі» адыграліся, забяспечыўшы нервовую канцоўку паядынку. У выніку Андрэй Антонаў паставіў кропку ў матчы менш чым за хвіліну да канца авертайма, рэалізаваўшы большасць – 2:1. У спрэчцы магілёўцаў і жлобінскага «Металурга» «львы» апынуліся мацней за «ваўкоў», перапыніўшы серыю няўдалых паядынкаў вікторыяй з лікам 4:2.

 

«Менск» сенсацыйна прапусціў ад «Энергетыка» 6 мячоў

Матч 23-га тура чэмпіянату краіны па футболе прайшоў на стадыёне футбольнага клуба «Менск» і скончыўся сенсацыйнай паразай гаспадароў клубу «Энергетык» з лікам 1:6. Госці прапусцілі першымі: на 6-й хвіліне вызначыўся Зубейка. Далей забівалі толькі яны: на 16-й, 43-й, 50-й і 69-й гэта зрабіў Шкурын, на 71-й – Тве, на 90-й – Канцадайлаў. Ілля Шкурын, аформіўшы покер, абышоў паўабаронцу «Гомеля» Віталя Квашука ў рэйтынгу бамбардзіраў і мае на рахунку 13 галоў. Пасля 23-х гульняў у «Энергетыка» 19 ачкоў, у «Менска» – 23.

 

Сабаленка пазмагаецца ў двух фіналах у Кітаі

У Арыны Сабаленкі на тэнісным турніры ў кітайскім Ухані сёння будуць два фіналы. Беларуска паспрабуе перамагчы і ў адзіночным, і ў парным разрадах. Пасля перамогі ў паўфінале над першай ракеткай свету аўстралійкай Эшлі Барці Сабаленка выйшла ў фінал адзіночнага разраду, у якім сустрэнецца з амерыканкай Элісан Рыске. Пазней Арына разам з бельгійкай Элізэ Мёртэнс выйграла паўфінальны паядынак у парным разрадзе ў немкі Лены Грэнефельд і Дэмі Схюрс з Нідэррландаў – 6:2, 6:1. У фінале іх чакае кітайска-расейскі дуэт Ін-Ін Дуань / Вераніка Кудзерметава.

 Беларускае Радыё Рацыя