Гайнаўскаму беларускаму ліцэю 70 гадоў



Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы адзначае сваё 70-годдзе. Юбілей установы стаў нагодай для IV з’езда выпускнікоў ліцэя. Гайнаўскі белліцэй скончыла больш за пяць тысяч асобаў, сярод якіх і Яўген Янчук.

„Я тут вучыўся, пасля – вучыў”, – кажа выпускнік 1990 года:

– Кожны перыяд у жыцці мае свае законы. Калі ты з’яўляешся вучнем, то маеш зусім іншыя погляды на жыццё, на свет. Калі ты прыходзіш як настаўнік, то хочаш перадаць увесь свой досвед, усе свае веды гэтым маладым людзям, каб яны не рабілі ў сваім жыцці тваіх памылак, каб ім было крыху прасцей і лепш.

Свята пачалося з афіцыйнай часткі падчас якой гучалі падзякі ды ўспаміны. Адкрылася сталая выстава прысвечаная папярэднім з’ездам ды гісторыі ліцэя. Дзень завяршылі балем. 

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя