Зніжэнне коштаў на нафту памяншае экспартныя паступленні Беларусі
Нафта працягвае таннець на сусветных рынках. І гэтая тэндэнцыя, безумоўна, адаб’ецца і на Беларусі – адзначае эканамічная аглядальніца выдання “Беларусы і рынак” Таццяна Манёнак. Яна прыгадвае, што наша краіна экспартуе ўласную нафту, а мыты з экспарту накіроўваюцца ў дзяржаўны бюджэт:
– Беларусь экспартуе штогод 1 мільён 645 тысяч тон нафты. І чым ніжэй сусветны кошт, канешне, тым менш валютнай выручкі атрымлівае Беларусь. А гэтая валютная выручка ў лепшыя гады перавышала 1 мільярд даляраў. Цяпер яна па выніках мінулага года будзе каля 1 мільярда, гэта даволі істотныя грошы для беларускага бюджэту.
Таксама зніжэнне сусветных коштаў на нафту адбіваецца на памеры экспартных мытаў на нафтапрадукты, якія Беларусь вырабляе з расейскай нафты. Калі апошнім часам гэтыя мыты паступалі ў бюджэт Расеі, то сёлета дамоўлена іх накіроўваць у беларускі бюджэт.
Праўда, у сувязі з сітуацыяй на сусветных рынках, аб’ём гэтых валютных паступленняў таксама зніжаецца, – дадае аглядальніца.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя