Карбалевіч: Калі Лукашэнка і прызначыць пераемніка, то ў самы апошні момант



Прызначэнне пераемніка ва ўмовах жорсткага персаналістычнага рэжыму з’яўляецца надзвычай небяспечным ходам, заявіў эксперт аналітычнага цэнтра „Стратэгія” (Менск) Валерый Карбалевіч на секцыі „Структурныя рэформы як умова выхаду беларускай эканомікі з крызісу” ў рамках VIII Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі, які праходзіць 27—29 верасня ў Вільнюсе.

Паводле яго слоў, пераемнік становіцца „галоўнай пагрозай уладзе і галоўным канкурэнтам”. Карбалевіч падкрэсліў, што гісторыя ведае масу прыкладаў, калі „пераемнікі аказваліся на чале змовы супраць аўтарытарнага лідара”. „Таму, я думаю, што калі ў Беларусі гэта і будзе, то ў самы апошні момант, на самым фінішы, калі гэта ўвогуле адбудзецца”, — сказаў эксперт.

Карбалевіч адзначыў, што роля Расеі ў гэтым магчымым працэсе „занадта перабольшаная”. Крэмль „не заўсёды можа правесці патрэбнага сабе кандыдата ў самой Расеі”. „У мінулым годзе некалькі губернатараў аказаліся не крамлёўскімі кандыдатамі. Беларусь усё ж нашмат больш незалежная, чым расейскія губернатары”, — заявіў ён.

Любы транзіт улады ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы, на думку эксперта, з’яўляецца сур’ёзнай рызыкай. Карбалевіч нагадаў, што самыя масавыя пратэсты ў Расеі ўзніклі ў 2012 годзе, „калі стала вядома, што Пуцін вяртаецца замест Мядзведзева”. Каб пераадолець палітычны крызіс, які ўзнік на гэтым фоне, „прыйшлося далучаць Крым, ставіць на дыбкі ўвесь свет”.

„А што адбывалася ў Казахстане падчас нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў? — звярнуў увагу эксперт. — Быццам бы сістэма жалезабетонная, усё схоплена, жалезная стабільнасць. Але выбары новага прэзідэнта Такаева прывялі да пратэстаў, была арыштаваная тысяча чалавек — нябачаная сітуацыя для Казахстана. Нават у гэтай краіне транзіт выклікаў мінікрызіс”.

Карбалевіч „амаль упэўнены”, што Беларусі ніяк не ўдасца пазбегнуць аналагічнага крызісу, „калі такі транзіт здарыцца”. „Але ў мяне няма ўпэўненасці, што Лукашэнка сапраўды збіраецца рэалізаваць той сцэнар, які ён так не вельмі выразна і ясна прагаварыў. Некалькі дзён таму, выступаючы перад украінскімі журналістамі, ён сказаў, што будзе пры ўладзе, пакуль хопіць здароўя і пакуль яму давярае народ”, — падкрэсліў эксперт.

Як заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 верасня падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ ў Мінску, ён мае намер заставацца прэзідэнтам да таго часу, „пакуль ёсць здароўе” і давер людзей. „Калі нездаровы, дык няма чаго сюды лезці. Галоўнае — здароўе і давер людзей”, — цытавала Лукашэнку яго прэс-служба.

Абмяркоўваючы пытанне аб „транзіце ўлады”, кіраўнік дзяржавы заявіў: „Няма ў нас транзіту ўлады. Наш прэзідэнт будзе абраны толькі народам”.

Ён таксама паведаміў, што „не прыглядае пераемніка”. „Як прыглядаць? Гэта ты павінен убачыць. Не трэба хадзіць з біноклем або думаць кожны дзень: „А хто?” Я так не думаю”, — адзначыў Лукашэнка.

„Я не прыглядаюся, дзе гэты прэзідэнт, але ён недзе ёсць ужо. Я ж не вечны, і да смерці я прэзідэнтам не буду. Я проста хачу калі-небудзь пажыць, як усе людзі, — спакойна”, — сказаў ён. У той жа час ёсць меркаванне, дадаў Лукашэнка, што „пасля працы на пасадзе прэзідэнта складана абстрагавацца ад бягучых падзей і не рэагаваць на іх”.

Адказваючы на пытанне пра дзяцей, ён адзначыў: „Мае дзеці не пакутуюць на прэзідэнцтва — ні адзін, ні другі, ні трэці. Яны „наеліся” майго прэзідэнцтва”.

belapan.by