Каля 100 праціўнікаў акумулятарнага завода сабраліся ў цэнтры Берасця



У Берасці на плошчы Леніна 29 верасня каля поўдня ў чарговы раз сабраліся праціўнікі акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Паводле дадзеных праваабаронцы Рамана Кісляка, у 12.40 на плошчы было больш за 100 праціўнікаў завода. Міліцыя праз мегафон папярэджвала прысутных аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.

Прысутныя адзначалі, што да гэтага часу канчаткова пытанне з акумулятарным заводам не вырашана, таму іх галоўнай задачай застаецца закрыццё прадпрыемства.

Нагадаем, чатыры праціўнікі будаўніцтва завода маюць намер балатавацца ў Палату прадстаўнікоў. Жыхар Бярозы, блогер, член Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў мае намер вылучацца па Берасцейскай-Заходняй выбарчай акрузе № 1, берасцеец Раман Кісляк — па Берасцейскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 2, жыхарка Берасцейскага раёна Алена Макарэвіч — па Берасцейскай-Усходняй выбарчай акрузе № 3, жыхар Кобрына Уладзімір Мароз — па Берасцейскай-Пагранічнай выбарчай акрузе № 4. З 18 верасня актывісты праводзяць пікеты па зборы подпісаў у цэнтры Берасця, мікрараёнах горада і ў Берасцейскім раёне.

Як адзначылі ўдзельнікі сённяшняй сустрэчы на плошчы, на мінулым тыдні актывісты пачалі збор подпісаў для ўдзелу ў выбарах кандыдатаў па месцы жыхарства выбаршчыкаў. Як паведаміў жыхар Берасця Андрэй Сліж, гэты працэс набліжаецца да фіналу — неабходная колькасць подпісаў (1.000 за кожнага з патэнцыйных кандыдатаў) практычна сабраная.

„Спачатку была мэта збіраць подпісы на пікетах, і такім чынам заявіць пра сябе. На мінулым тыдні дадаўся збор подпісаў па месцы жыхарства выбаршчыкаў. Нашы пікеты сыгралі станоўчую ролю, таму што, як адзначаюць некаторыя брастаўчане, якія падпісваюцца па месцы жыхарства, яны бачылі, што арганізаваныя пікеты, але не змаглі паставіць подпісы, паколькі пры іх не было пашпартоў”, — паведаміў Сліж.

Таксама было адзначана, што найбольш актыўна падпісваюцца ў падтрымку праціўнікаў завода жыхары выбарчай акругі № 4 у Берасцейскім раёне, на тэрыторыі якога пабудавана прадпрыемства.

Паводле слоў брастаўчаніна Алега Вялава, вядзецца праца, каб максімальна прыцягнуць праціўнікаў завода ў якасці назіральнікаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. „У прыватнасці, усе, хто дзяжурыць каля акумулятарнага завода, таксама пойдуць у назіральнікі, паколькі ў іх ужо ёсць вопыт, як фіксаваць парушэнні”, — адзначыў ён.

Пасля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, праціўнікі завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра „Беларусь”, дзе таксама праходзяць перадвыбарныя пікеты.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Берасце”. На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 237 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Берасцейкі супраць свінцу”, на які прыйшло каля дзвюх тысяч чалавек.

Каля прадпрыемства з 3 мая кругласутачна дзяжураць актывісты. Яны неаднаразова фіксавалі факты вытворчай дзейнасці яшчэ не прынятага ў эксплуатацыю завода, які выкідваў ў паветра і гарадскую каналізацыю шкодныя рэчывы. На думку актывістаў, пад выглядам пусканаладачных работ прадпрыемства паўнавартасна выпускала прадукцыю. Аб парушэннях яны інфармавалі адпаведныя інстанцыі.

14 чэрвеня Берасцейскі аблвыканкам апублікаваў на сваім сайце распараджэнне кіраўніка вобласці Анатоля Ліса аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага завода „да ліквідацыі выяўленых парушэнняў”. 17 чэрвеня абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол прадпрыемству на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.

У ліпені праект акумулятарнага завода пад Берасцем атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Як паведаміў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Хмель падчас прамой лініі, наколькі яму вядома, прычынай адмоўнага заключэння стала падача недакладных дадзеных.

2 жніўня аблвыканкам зрабіў запыт аб ходзе завяршэння рэалізацыі праекта. Паколькі кампанія не выканала свае абавязацельствы па дамове, праект не быў рэалізаваны ў названы тэрмін, аблвыканкам адмовіўся ад выканання сваіх абавязацельстваў і 14 жніўня паведаміў „АйПаўэр” аб спыненні дамовы, запатрабаваўшы вярнуць сродкі ў інавацыйны фонд у добраахвотным парадку на працягу месяца з даты паведамлення.

14 жніўня праектная дакументацыя акумулятарнага завода была паўторна пададзена на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

16 верасня прэс-служба Групы кампаній 1AK-GROUP, у якую ўваходзіць „АйПаўэр”, паведаміла, што кампанія „АйПаўэр” адклікала праектную дакументацыю акумулятарнага завода з дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Паводле яе інфармацыі, дакументацыя па праекце адкліканая „па прычыне неабходнасці ўсебаковага і больш поўнага адлюстравання інфармацыі аб унесеных зменах”. Пасля ўнясення неабходных звестак „АйПаўэр” зноў падасць праектную дакументацыю на разгляд у Рэспубліканскі цэнтр дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Мінпрыроды.

belapan.by