Саюзную дамову адразу ніхто і не збіраўся выконваць



Праект Саюзнай дзяржавы сябе вычарпаў у тым выглядзе, у якім ён пачынаўся. Такое меркаванне выказаў аналітык экспертнага цэнтра «Мера» (Ніжні Ноўгарад, РФ) Сяргей Барысаў 29 верасня на секцыі «Беларуска-расейскія адносіны. Праблемы еўразійскай інтэграцыі» ў рамках VIII Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі ў Вільні.

Ён звярнуў увагу, што гэты праект пачаўся не ў 1999 годзе з падпісання дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, а на пяць гадоў раней.

«У 1995 годзе пасля другіх выбараў у Дзяржаўную думу апазіцыя атрымала ўмоўную большасць, а праз некалькі месяцаў павінны былі адбыцца прэзідэнцкія выбары ў Расеі, – нагадаў аналітык. – Апазіцыя паспрабавала максімальна асядлаць тыя настальгічныя постсавецкія настроі гістарычнага рэваншызму. Яны прынялі бессэнсоўнае з юрыдычнага, але не палітычнага пункту гледжання рашэнне аб дэнансацыі Белавежскіх пагадненняў. Гэта было ў студзені 1996 года».

«Натуральна, гэта была чыстая палітыка, але тады і думалі палітычнымі катэгорыямі. Крэмль неадкладна ўступіў у гульню – стаў спрабаваць гэтае пытанне ўзяць на сябе, выйшаў з ініцыятывамі. Да 1999-га практычна кожны год прымалася пакетнае рашэнне, падпісваўся чарговы дагавор Расеі і Беларусі па інтэграцыі – быў такі рух. Але ўсё гэта было прыкладна на 95% палітычнай абумоўленасцю. Прычым расейскія ўлады такім чынам вырашалі пытанні ўнутранага палітычнага парадку дня Расеі, а беларускія – Беларусі. Умацаванне ўлады спадара Лукашэнкі ў значнай ступені абапіралася на рэферэндум (з пытаннем аб эканамічным саюзе з Расеяй), на ўсю гэтую тэму», – сказаў ён.

На думку Барысава, большасць грамадзянаў Беларусі і Расеі «падтрымлівалі гэтую палітыку», што ў значнай ступені забяспечвала папулярнасць уладаў у абедзвюх краінах. Аднак ні ў адной з дзяржаў улады не маглі адказаць на пытанне, якая іх канчатковая мэта? Аналітык мяркуе, што нават дамова аб Саюзнай дзяржаве не дае адказ на гэтае пытанне.

«Калі вы ўважліва прачытаеце вельмі падрабязную саюзную дамову 1999 года, вы не зможаце зразумець, што такое Саюзная дзяржава, ці сапраўды гэта адзіная дзяржава, – адзначыў ён. – З тэксту можа выцякаць такі варыянт, але ён так хітра сфармуляваны, каб адначасова сядзець на двух крэслах. Каб, акрамя ўсяго іншага, цешыць настальгічныя рэваншысцкія постсавецкія настроі, якія тады былі вельмі моцныя».

«Саюзная дамова як бы ўвянчала палітыку такога манеўравання. Збіраліся яго наогул выконваць ці не, незразумела. Хутчэй за ўсё, не. Хутчэй за ўсё, вырашаліся задачы бягучага дня», – выказаў меркаванне аналітык.

Паводле слоў прадстаўніка цэнтра «Мера», дамова ўзнікла на фоне «балючых эканамічных трансфармацый» 1990-х гадоў у абедзвюх краінах, аднак у 2000-х «надышла нейкая пэўнасць і пачаўся эканамічны рост, запрацавалі рынкавыя механізмы, пачаўся рост даходаў насельніцтва». Палітычны парадак дня, звязаны з Саюзнай дзяржавай, стаў «губляць актуальнасць». «І вось калі па саюзнай дамове настаў час уводзіць адзіную валюту, уводзіць адзіны парламент з выбарамі, усё гэта стала неяк не патрэбна ўладам ні Расеі, ні Беларусі», – адзначыў Барысаў.

Сітуацыя змянілася ў 2010-х гадах. «Крызіс, падзенне цаны на газ, зніжэнне даходаў насельніцтва», а пасля канфлікт з Украінай прыводзяць да таго, што ў Расеі становіцца «мала грошай». Схема адносін, якая склалася з Беларуссю, перастае падабацца ўладам Расеі. Саюзная дзяржава становіцца «чымсьці накшталт чамадана без ручкі», хоць «насельніцтву падабаецца ідэя, яна па-ранейшаму грэе душу», мяркуе аналітык.

БелаПАН

Фота: teleskop-by.org