Алена Анісім прапанавала ўраду зноў заснаваць ордэн Кастуся Каліноўскага



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім 30 верасня звярнулася да прэм’ер-міністра Сяргея Румаса з прапановай нанова заснаваць ордэн Кастуся Каліноўскага.

Парламентарый паведаміла БелаПАН што, акрамя прапановы аб заснаванні гэтай дзяржаўнай узнагароды яна накіравала кіраўніку ўрада адпаведны законапраект і абгрунтаванне неабходнасці яго прыняцця.

„Законапраект быў падрыхтаваны не мной, я пераклала рускамоўную версію на беларускую мову, — сказала Анісім. — Пытанне пра ўзнагароду знаходзіцца ў кампетэнцыі Савета міністраў. Урад, скажам так, акумулюе гэтыя пытанні і пры неабходнасці можа перанакіраваць пытанне ў профільнае ведамства са сваёй структуры. Праект закона ўсё роўна трэба будзе афармляць дадаткова, але да таго часу ўжо будзе пэўная экспертная ацэнка Савета міністраў наконт гэтага, а таксама заўвагі адносна таго, наколькі патрэбны гэты законапраект”.

У звароце да Румаса дэпутат адзначыла, што апошнім часам „у беларускім грамадстве актыўна абмяркоўваюцца падзеі, якія датычацца Кастуся Каліноўскага і яго дзейнасці”. „Улічваючы ўсе нюансы, звязаныя з тым, што дзейнасць Кастуся Каліноўскага аказала найвялікшы ўплыў на развіццё беларускага грамадства і ўмацаванне беларускай ідэнтычнасці, накіроўваю вам для разгляду і кампетэнтнай ацэнкі праект закона аб аднаўленні ўзнагароды — ордэна Кастуся Каліноўскага”, — напісала Анісім прэм’еру.

Законапраект прадугледжвае шэраг паправак у закон „Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь” ад 18 мая 2004 года. У прыватнасці, прапаноўваецца дапоўніць пералік дзяржаўных узнагарод ордэнам Кастуся Каліноўскага, які можа быць уручаны „за асабістыя заслугі ў зацвярджэнні і абароне дзяржаўнага суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці, ва ўмацаванні абараназдольнасці і бяспекі Рэспублікі Беларусь”, а таксама „за значны ўклад у развіццё дэмакратыі і сацыяльнага прагрэсу, правядзенне сацыяльна-эканамічных і палітычных рэформаў, актыўную дзейнасць па абароне правоў і свабод чалавека”.

Ордэн Кастуся Каліноўскага існаваў з пачатку 1996-га да сярэдзіны 2004 года. Ён прызначаўся для ўзнагароджання за „самаадданы ўчынак, мужнасць і адвагу, праяўленыя пры выратаванні людзей, спыненні злачынных замахаў на іх жыццё; за адвагу, праяўленую ва ўмовах павышанай небяспекі пры ахове грамадскага парадку, абароне дзяржаўнай уласнасці, пры затрыманні злачынцаў і выкрыцці злачынных груп”.

Гэтага ордэна маглі быць удастоены грамадзяне, якія праявілі „мужнасць і стойкасць падчас стыхійных бедстваў, пажараў, аварый, катастроф і ў іншых надзвычайных абставінах, у выніку чаго папярэджаная пагроза жыццю і здароўю людзей або выратаваныя значныя матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці”, а таксама якія ўчынілі іншыя „самаадданыя дзеянні, звязаныя з выкананнем воінскага, грамадзянскага або службовага абавязку, спалучаныя з рызыкай для жыцця”.

16 чэрвеня 2004 года пачаў дзейнічаць новы закон аб дзяржаўных узнагародах. Ордэн Каліноўскага быў скасаваны.

belapan.by