Поўны збор спадчыны Скарыны ў падарунак беларускаму ліцэю ў Бельску



Поўнае выданне кніжнай спадчыны беларускага першадрукара Францыска Скарыны ў падарунак ад дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы ў Менску атрымаў Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання ў Бельску-Падляшскім.

Дырэктар тэатру Павал Латушка на сустрэчы з моладдзю заклікаў іх шанаваць сваю беларускую спадчыну і ганарыцца тым, што яны вучні аднаго з лепшых ліцэяў Польшчы:

– Каб вы памяталі, адкуль вы родам, шанавалі родную мову, культуру вашых бацькоў, дзядоў, прадзедаў – крыніцу вашага існавання. Гэта выданне “Францыск Скарына”. Мы два гады таму ў Беларусі і ў свеце адзначалі 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца – шматвекавой беларускай культурай, культурай нашага народа. І прыміце, калі ласка, у дар поўнае выданне кніжнай спадчыны Францыска Скарыны.

Бельскі ліцэй з беларускай мовай навучання наведалі акцёры Купалаўскага тэатра, якія напярэдадні выступілі з п’есай “Пінская шляхта” ў тэатры Аляксандра Венгеркі ў Беластоку ў рамках фестываю “Напрамак Усход”.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя