Уладзімір Макей: Беларусь не мае намеру ахвяраваць сваім суверэнітэтам



У праграму паглыбленай інтэграцыі з Расеяй першапачаткова прапаноўвалася ўключыць непрымальныя для Беларусі палажэнні, заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей у інтэрв`ю расейскаму інфармагенцтву  РБК (стэнаграма апублікаваная на сайце МЗС).

„Першапачатковыя прапановы, калі гаварыць па шчырасці, прадугледжвалі ўключэнне нейкіх палажэнняў, якія былі абсалютна непрымальнымі, у прыватнасці, для беларускага боку”, — сказаў Макей.

Напрыклад, паводле яго слоў, гаворка ішла пра „стварэнне нейкіх наднацыянальных структур, што не адпавядае, зноў-такі, палажэнням Саюзнай дамовы”. Аднак „прэзідэнты, калі сустракаліся ў Санкт-Пецярбургу, абмеркаваўшы гэтыя пытанні, адназначна сказалі, што гэтыя прапановы не адпавядаюць палажэнням дамовы, і няма сэнсу нават абмяркоўваць іх”.

„Трэба сканцэнтравацца на эканамічнай праблематыцы, на паглыбленні гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, узгадненні правілаў, звязаных з мытным заканадаўствам, сертыфікацыяй, стандартызацыяй і іншым. Мы павінны надаць больш увагі правядзенню ўзгодненай сельскагаспадарчай, прамысловай палітыкі. Вось гэта самае галоўнае”, — лічыць міністр.

„Ніякіх палітычных момантаў, звязаных са стварэннем федэрацыі або канфедэрацыі, там няма, не праглядаецца і не будзе”, — падкрэсліў Макей. Беларусь „не мае намеру ахвяраваць сваім суверэнітэтам, каб дагадзіць нейкім кан`юнктурным меркаванням”.

Паводле слоў кіраўніка МЗС, для Беларусі самае галоўнае — вырашэнне пытанняў, якія ляжаць на паверхні. „Мы можам казаць пра нейкія стратэгічныя мэты, але калі мы не вырашым сённяшнія праблемы, то казаць пра паглыбленую інтэграцыю не выпадае”, — сказаў міністр. Гаворка ідзе пра „падатковы манеўр, ліквідацыю перашкодаў у пастаўках сельскагаспадарчай, прамысловай прадукцыі, перамовах аб урэгуляванні спрэчных момантаў, звязаных з цэнамі на газ і нафту”.

„Таму што для нас абсалютна непрымальныя некаторыя рэчы, калі мы дамаўляемся рухацца ў тым ці іншым кірунку і заключаем адпаведнае пагадненне, а потым нам кажуць, што змянілася сітуацыя і трэба цяпер ужо перагледзець гэтыя дамовы. Як гэта было, напрыклад, з падатковым манеўрам”, — адзначыў Макей.

„Мы, — працягнуў ён, — заключаем Дамову аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. Абодва бакі — Беларусь і Расея — падпісваюць адпаведны пратакол, які з`яўляецца неад`емнай часткай або дадаткам да гэтай дамовы, у якой мы пастараліся ўрэгуляваць усе спрэчныя пытанні, звязаныя з будучымі цэнамі на газ і нафту для Беларусі. Праходзіць літаральна некалькі месяцаў, нашы расійскія сябры прымаюць рашэнне па падатковым манеўры, якое нівеліруе, зводзіць да нуля ўсе папярэднія дамоўленасці. Як разглядаць такі падыход? Напэўна гэта ўжо было загадзя вядома… Тады навошта падпісваць такія дакументы, якія праз некаторы час стануць нікчэмнымі?”

„Мы зацікаўленыя ў тым, каб мы вырашылі ўсе гэтыя абуральныя, вострыя пытанні, якія ляжаць сёння на паверхні. Я думаю, што калі яны не будуць вырашаныя, то гаварыць пра падпісанне праграмы далейшых дзеянняў будзе цяжка. Таму што мы не зразумеем логікі нашых партнёраў”, — заявіў Макей.

belapan.by

Фота: Телескоп