Тамара Харашылава: Беларуская песня падабаецца і немцам, і італьянцам, і палякам



Народны ансамбль народнай музыкі “Вербіца” існуе ў Лідскім дзяржаўным музычным каледжы ўжо больш за 20 гадоў. За гэты час паспеў паўдзельнічаць у шматлікіх фестывалях і канцэртах у розных краінах Еўропы.

А вось на Падляшша сёлета “Вербіца” завітала ўпершыню. Госць „Рацыі” – кіраўніца ансамбля Тамара Харашылава

– Мы вельмі хацелі прыехаць на Беласточчыну, каб пабачыць, як жывуць тут беларусы, што яны спяваюць, што яны робяць. І канешне – паказаць сябе.

РР: На Беласточчыне вы ўпершыню, а ў Польшчы ўжо не першы раз.

Тамара Харашылава: Запрашаюць нас вельмі шмат. Былі мы, напрыклад, чатыры гады таму ў горадзе Клодзка. Нас запрасілі на Дні культуры Беларусі. Два гады запар мы ездзілі ў Кола. Тут вельмі любяць беларускую народную музыку. Таму нам было вельмі прыемна. Тым больш, што выступалі мы на “Дажынках”. І нас так узрадавала, што “Дажынкі” нават у заходняй частцы Польшчы, там недалёка мяжа з Нямеччынай, але таксама адпраўляюць гэта свята як і ў нас на Беларусі. Нам было прыемна, што беларуская песня падабаецца. Пад яе спяваюць, таньчаць, вельмі прыгожа адносяцца да выканаўцаў, прымаюць як сваіх родных, якія прыехалі здалёку і якіх доўга чакалі.

І вось урэшце мы атрымалі запрашэнне на Беласточчыну. Былі вельмі радыя, таму што даўно шукалі такую імпрэзу, на якую мы маглі прыехаць і паказаць сваё мастацтва, пасьпяваць беларускія народныя песні. І атрымалі такі добры-добры эмацыйны адказ на нашыя песні, нашыя танцы.

РР: Нядаўна ваш калектыў атрымаў званне „Народнага”. Але ён існуе ўжо даўно. І фактычна гэта Вашае творчае дзіця. Колькі год Вы займаецеся калектывам, колькі год існуе “Вербіца”?

Тамара Харашылава: Мы пачалі працаваць ў 90-х гадах.  Выдзеліліся калектывам з народнага хору ў Лідскім музычным каледжы. І з такога немаўляці выраслі ў добрае, цудоўнае, прыгожае дзіця, якому ўжо больш за 20 год.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота musicollege.by