У Брагінскім раёне плануюць пабудаваць рачны порт



У Брагінскім раёне (Гомельская вобласць) плануюць пабудаваць рачны порт для выхаду да Чорнага мора, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Брагінскага райвыканкама Пётр Раманюк.

Паводле яго слоў, інвестыцыйны дагавор падпісаны гэтым летам паміж Міністэрствам транспарту і камунікацый Беларусі і кампаніяй „Белпорт Ніжнія Жары”.

Акрамя порта ў раёне вёсак Верхнія і Ніжнія Жары на плошчы 280 га прадугледжваецца таксама будаўніцтва лагістычнага цэнтра і іншай інфраструктуры. Кошт праекта складае 64 млн долараў, у тым ліку будаўніцтва порта абыдзецца ў 22 млн. Работы павінны быць завершаныя ў 2025 годзе.

Мяркуецца, што да порта грузы будуць дастаўляць кантэйнерамі, а далей — па рацэ ва Украіну аж да Чорнага мора. У перспектыве ад порта плануюць пабудаваць чыгунку да Хойнікаў. Гэта можа каштаваць дадаткова 100 млн долараў, паведаміў Раманюк.

Зараз, паводле яго слоў, беларускі бок узгадняе праект з украінскім бокам, але з-за нядаўняй змены кіраўніцтва ў гэтай краіне працэс зацягнуўся. Як мяркуе намеснік старшыні Брагінскага райвыканкама, „усё павінна ўладзіцца” пасля II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які пройдзе ў Жытоміры 3—4 кастрычніка.

„Калі ўсё будзе нармальна па ўкраінскім боку, яны могуць хоць сёння пачынаць будаўніцтва. Гэта [рэалізацыя праекта] дасць штуршок для развіцця ўсяго рэгіёна. Адразу стане развівацца ўся сфера абслугоўвання, малы і сярэдні бізнес і гэтак далей. Будзе створана прыблізна тысяча новых працоўных месцаў”, — адзначыў Раманюк.

ААТ „Белпорт Ніжнія Жары” зарэгістраванае ў красавіку мінулага года. Кампанію звязваюць з адным з уладальнікаў сеткі „Гіпа” Васілём Варфаламеевым. Ён з’яўляецца генеральным дырэктарам кампаніі „Белпаліваэнерга”, якая ў снежні мінулага года заключыла мемарандум з Адміністрацыяй марскіх партоў Украіны аб аднаўленні рачнога суднаходства паміж Беларуссю і Украінай.