У Гародні прайшло фармаванне выбарчых камісій



У Гародні прайшло фармаванне ўчастковых выбарчых камісій па выбарах у Палату прадстаўнікоў у адміністрацыях Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў. Сфармавана 138 выбарчых камісій. Сябры апазіцыйных партый, якія маглі б прадухіліць фальсіфікацыі, уключаны не былі.

Назіральнік кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” Раман Юргель прысутнічаў падчас фармавання выбарчых камісій у Кастрычніцкай адміністрацыі Гародні:

– Уключаных ад апазіцыі ў склад участковых камісій па Кастрычніцкаму раёну Гародні няма. 89% УКВ створаны з прошлых складаў камісій. Ёсць такое, што амаль на 80% змянілася камісія, дзесьці яна на палову змянілася. Будзем бачыць, зараз пройдуць першыя арганізацыйныя сходы гэтых створаных участковых камісій і першыя іх пасяджэнні. 

Назіральнікі заўважылі вельмі слабую актыўнасць палітычных партый і грамадзян у выбарчым працэсе. Амаль няма канкурэнцыі за месца ў складзе выбарчых камісій. Як і ў папярэднія гады сябры Партыі БНФ не былі ўключаны ў склад выбарчых камісій Гародні ў абодвух раёнах. Кажа прадстаўнік кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віктар Сазонаў:

– Па Партыі БНФ абсалютна ўсе заяўкі былі адкінутыя. Як сцвярджала камісія, пратаколы былі аформлены з памылкамі. Менавіта ўказвалася на тое, што не было ўказана належным чынам акруговая камісія, а былі ўказаныя толькі ўчасткі. Па 51 участку, дзе ідзе Вадзім Саранчукоў, Ленінская адміністрацыяй разглядаліся пратаколы ад БНФ, менавіта ў гэтай 51-й акрузе, было пададзена 21 заяўка ад БНФ і ўсе яны былі адкінутыя.

Сябры Партыі БНФ плануюць падаць скаргу ў суд па прычыне неўключэння сваіх сябраў у склад выбарчых камісій.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня