Барыс Жаліба: Для беларусаў жыццё – не цукар



Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, чаму цукар для беларусаў падаражэе.

З 1 кастрычніка ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ), якой устанаўліваюцца гранічныя мінімальныя цэны і максімальная гандлёвая надбаўка на белы крышталічны цукар.

Да канца года мінімальная рознічная цана на цукар будзе 1 рубель 50 капеек.

Барыс Жаліба: Мы ж бачылі, што апошнім часам у Беларусі з’явіўся танны расейскі цукар, які можна было купіць і за 1 рубель 20 капеек за кілаграм. І ў такой сітуацыі беларуская прадукцыя не вытрымлівала канкурэнцыі.

Логіка ў дзяржавы такая: калі беларусы не будуць купляць дарагі айчынны цукар, аддаючы перавагу больш таннаму расейскаму, то нашы цукровыя заводы застануцца без прыбытку. Вось і вырашылі заняцца рэгуляваннем коштаў, каб падтрымаць беларускія прадпрыемствы. Да слова, тыя самыя цукровыя заводы знаходзяцца не ў лепшым фінансавым стане.

РР: Далёка не рыначныя падыходы…

Барыс Жаліба: Абсалютна нерыначныя, бо ў цывілізаваных краінах тыя самыя прадпрыемствы павінны канкурыраваць. Трэба ўкараняць нейкія перадавыя тэхналогіі, каб зрабіць вытворчы працэс таннейшым, а суадносна і кошт на прадукцыю. Варта шукаць новыя рынкі збыту. Але ў нас, як бачым, іншая сістэма коштаўтварэнняў і кіравання эканомікай.

РР: Адным словам, пра простых беларусаў тут, напэўна, падумалі у апошнюю чаргу?

Барыс Жаліба: Натуральна, бо зараз танней за 1 рубель 50 капеек цукар людзі ўжо купіць не змогуць, хаця раней быў выбар. Зрэшты, у беларусаў усё жыццё – не цукар.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org