Як Аляксандр Краўчук вырашае свае праблемы



Беларускім грамадзянам усё цяжэй вырашаць свае праблемы. Бо створаная за 25 гадоў кіравання Аляксандрам Лукашэнкам сістэма навучылася грамадзянаў з іх праблемамі адфутбольваць. Толькі не інваліда 2 групы з Кобрышчыны Аляксандра Краўчука. Ён грукаецца ва ўсе дзверы і на самым версе ўсё ж такі часткова свае праблемы вырашае. Гэта будаўніцтва дарогі да яго хутара, адкрыццё крымінальнай справы, з-за якой стаў інвалідам. Зараз Краўчук спрабуе знайсці годную працу з дапамогай міністра працы Ірыны Касцевіч.

Госць радыё Рацыі Аляксандр Краўчук распавядае пра сваё жыццё, змаганне за правы і пра сустрэчу з Касцевіч карэспандэнту радыё «Рацыя»:

РР: Спадар Аляксандр, пры якіх абставінах і па якой прычыне Вы, былы прадпрымальнік, сталі чалавекам з абмежаванымі магчымасцямі?

– Усё здарылася 16 жніўня 2016 года. Гэта адбылося на заправачнай станцыі горада Баранавічы, калі я запраўляў машыну газам. Фольксваген-Туран быў абсталяваны завадской газавай устаноўкай, пры запраўцы ўзарваўся балон, у мяне была пашкоджаная нага, у выніку – была ампутаваная. Пасля гэтага пачаліся мае пакуты. Я стаў інвалідам другой групы з магчымасцю працаваць толькі на паўстаўкі. Што датычыцца занятку бізнесам, то тут, можна сказаць, пытанне адразу закрываецца. У бізнесе чалавек павінен аддавацца поўнасцю, фактычна 24 гадзіны ў суткі неабходна працаваць. З маімі цяперашнімі праблемамі са здароўем – гэта зрабіць немагчыма, таму бізнесам больш я не займаюся. А ўладкавацца кудысьці на працу, ды яшчэ з нядрэнным заробкам, у Кобрыне гэта немагчыма.

РР: Вам хоць нешта прапаноўвалі?

– Прапановы былі ад Цэнтра занятасці з заробкам 300-400 беларускіх рублёў. Уявіце, на паўстаўкі гэта будзе ўсяго толькі 150-200 рублёў. Як на такія грошы можна жыць? У мяне непаўнагадовая дачка, сын – студэнт, і іх трэба неяк падтрымліваць у жыцці, і самому трэба адзецца, купіць паесці, плюс да таго яшчэ і выплаціць штраф.

РР: За што Вы атрымалі штраф?

– Гэта быццам і не штраф, налічылі за быццам бы нанесеную шкоду. Каля маёй хаты быў пачышчаны вадаём і зямля ў пажыццёвым уладанні. Пасля таго, як я яго прывёў да ладу, з’явілася экалагічная служба і згодна з беларускімі «таксамі» налічыла 5 516 рублёў, якія я павінен заплаціць у бюджэт. Было нядаўна судовае пасяджэнне, і мне далі растэрміноўку на 20 месяцаў. То бок атрымліваецца, што 276 рублёў я павінны выплочваць штомесяц у бюджэт дзяржавы, застаецца на жыццё крыху больш за 100 рублёў.

Цалкам гутарку з госцем «Рацыі» Аляксандрам Краўчуком слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя