Войцех Каранкевіч: Трэба пашыраць турыстычны патэнцыял Белавежскай пушчы
Белавежская пушча павінна быць пад аховай, а замест таго, каб высякаць дрэвы, трэба развіваць турыстыку.
Такое меркаванне ў інтэрв’ю для нашага радыё выказаў кандыдат у польскі Сейм Войцех Каранкевіч, які вылучаецца ад выбарчага камітэту “Саюз дэмакратычных левых сілаў”. Палітык лічыць сябе праэкалагічным кандыдатам і прапануе пашыраць турыстычны патэнцыял Белавежскай пушчы:
– На гэты момант у мястэчку Белавежа працуюць шматлікія агратурыстычныя гаспадаркі. Ёсць шмат месцаў, у якіх могуць затрымацца турысты, могуць там паесці. Трэба разумець, што турыстыка дае нашмат больш грошай, чым высечка дрэў. І калі ўжо мае ісці дапамога жыхарам гмін, якія мяжуюць з Белавежскай пушчай, то гэтая дапамога павінна ісці менавіта ў гэтым напрамку. Трэба памагчы людзям так арганізаваць сваю гаспадарку, каб яны маглі скарыстацца з вялікай ракі грошай, якую нясуць турысты. З турыстыкай звязана вельмі шмат розных напрамкаў гаспадаркі.
Войцех Каранкевіч – апошні ў выбарчым спісе падляшскіх левых сілаў, ён стартуе ў выбарах пад нумарам 28. Паводле прафесіі ён журналіст, быў чальцом Рады горада Беласток у мінулай кадэнцыі.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя