Стратэгія змагання за суверэнітэт



Міністр замежных справаў Уладзімір Макей у апошнія дні даў некалькі рэзанансных інтэрв’ю ўплывовым расейскім і заходнім СМІ, у якіх абазначыў “чырвоную лінію” інтэграцыі. З ягоных выказванняў вынікае, што Масква павінна забыць пра размяшчэнне ваеннай базы на тэрыторыі Беларусі, паколькі ў гэтым няма “ані практычнага, ані палітычнага, ані ваеннага сэнсу”. Акрамя гэтага, ён прама заявіў, што ніякіх “палітычных момантаў, звязаных са стварэннем федэрацыі, канфедэрацыі там няма і не будзе”. Здаецца, такая пазіцыя мусіць закрыць тэму, раз і назаўсёды супакоіць “алармістаў”. Аднак, як той казаў, д’ябал хаваецца ў дэталях. У больш разгорнутых фармулёўках спадар міністр гаворыць, што “перад тым як пачынаць паглыбленую інтэграцыю, трэба вырашыць актуальныя праблемы, а гэта: “падатковы манеўр, ліквідацыя перашкодаў у пастаўках прамысловых тавараў і сельскагаспадарчай прадукцыі”. То бок, уся незалежніцкая рыторыка перакрэсліваецца пытаннямі доступу на расейскі рынак і атрымання нафтавых бонусаў. Адсюль вынікае, што размовы пра сакральнасць суверэнітэта – гэта ўсяго толькі аргумент для ўзмацнення пазіцыі напярэдадні гаспадарчых спрэчак з РФ. Такія паводзіны прадстаўнікоў эліт і засакрэчаныя дэталі дакументаў, якія будуць прапанаваныя для падпісання кіраўнікам дзяржаваў 8 снежня 2019 года, сапраўды не могуць не выклікаць насцярожанасць.

Беларускае грамадства прэвентыўна пачало самаарганізоўвацца ў справе абароны суверэнітэта. На гэты момант самымі заўважнымі выглядаюць дзеянні групы беларускіх інтэлектуалаў, якія аб’ядналіся вакол ініцыятывы “Свежы вецер”. Для прасоўвання гэтай ініцыятывы  выкарыстоўваюцца цікавыя напрацоўкі, сярод якіх:

– сайт Канстытуцыя.бел, які на папулярнай мове тлумачыць наведнікам, чаму страта незалежнасці – гэта кепска;

– праграмны дадатак для смартфонаў з аднаўленнем стужкі навінаў і запісам патэнцыйных валанцёраў;

– допісы папулярных блогераў у “Фэйсбуку”;

– відэазвароты вядомых беларусаў, якія выказваюцца ў падтрымку незалежнасці;

– звароты ва ўстаноўленым законам парадку да афіцыйных асобаў.

За некалькі тыдняў працы кампаніі “Свежы вецер” да яе далучылася больш за 2 тысячы віртуальных сябраў, што можна лічыць неблагім вынікам. Аднак гэтая кампанія мае таксама шэраг пэўных недахопаў, якія ўказваюць на тое, што ў камандзе “Свежага ветру” не хапае людзей з мысленнем рэкламшчыкаў. Па-першае, назва ініцыятывы “Свежы вецер” ніякім чынам не асацыюецца з пагрозай страты суверэнітэту. Па-другое, канцэнтрацыя выключна на негатыве ад паглынання Беларусі Расеяй таксама не здольная пашырыць кола прыхільнікаў. Адпаведна, для назвы кампаніі варта выбраць ёмісты слоган з пісьменным лагатыпам. Для папулярызацыі сваіх ідэй варта было б больш увагі надаваць пазітыўным момантам, звязаным з гісторыяй незалежнай беларускай дзяржавы. Прыводжу на ўскідку прыклады, якія пойдуць на “ўра” ў беларусаў розных палітычных поглядаў, канфесій і моўных прыхільнасцей: “Незалежнасць – гэта поспех беларускай алімпійскай зборнай на алімпіядзе ў Лілехамеры ў 1994 годзе… Незалежнасць – гэта рэкорды Віталя Гуркова… Незалежнасць – гэта нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч… Незалежнасць – гэта сусветна вядомая гульня “World of tanks”… І далей у такім жа рэчышчы.

Для авалодання масавымі настроямі патрэбна намаляваць перад людзьмі даступную і прыцягальную карцінку перспектывы развіцця ў вольнай і незалежнай краіне, як тое было зроблена апанентамі чылійскага дыктатара Аўгуста Піначэта ў 1988 годзе. Гэты падыход цудоўна адлюстраваны ў таленавітай мастацкай стужцы “Не” рэжысёра Пабла Ларраіна 2012 года выпуску. У фільме апавядаецца пра тое, як пад ціскам міжнароднай супольнасці Піначэт пагадзіўся прадаставіць апазіцыі тэлеэфір працягласцю ў 15 хвілін у начны час. Замест расповедаў пра жахі дыктатуры, пра што і так ведалі ўсе чылійцы з маленства, стваральнікі роліка засяродзіліся на пазітыве. І перамаглі. Чым не прыклад для прыхільнікаў незалежнасці Беларусі?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ