Беларус Юрый Палітыка вызвалены з-пад варты



Новазаводскі раённы суд Чарнігава вызваліў з-пад варты беларуса Юрыя Палітыку, якога ва Украіне абвінавачваюць у шпіянажы. Пра гэта паведаміў яго адвакат Тарас Гералюк.

Паводле яго слоў, такое рашэнне было прынятае вечарам 3 кастрычніка. „Палітыка вызвалены пад асабістае абавязацельства, — паведаміў Гералюк. — Гэта азначае, што ён павінен з’явіцца ў суд”.

Адвакат адзначыў, што судовы разгляд працягваецца. Чарговае пасяджэнне па справе прызначанае на 12 лістапада.

Нагадаем, 4 кастрычніка ў Жытоміры адбудзецца першая сустрэча Лукашэнкі і новага ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Яны возьмуць удзел у пленарным пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Украіны і Беларусі.

26 верасня ў Менску на прэс-канферэнцыі для ўкраінскіх журналістаў Лукашэнка заявіў, што асуджаны ў Беларусі па абвінавачванні ў шпіянажы ўкраінскі журналіст Павел Шаройка можа быць памілаваны ў абмен на памілаванне беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыкі.

3 кастрычніка ў Кіеве на тэлеканале „1+1” у ток-шоу „Права на ўладу” міністр замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка заявіў пра тое, што плануюцца саступкі. „Заўтра будуць саступкі. Заўтра будзе тое, пра што сродкі масавай інфармацыі з радасцю змогуць паведаміць”, — сказаў Прыстайка, адказваючы на пытанне, ці магчымыя нейкія саступкі ў справе Шаройкі ў святле хуткага прыезду Аляксандра Лукашэнкі.

Юрый Палітыка быў затрыманы Службай бяспекі Украіны 16 чэрвеня 2017 года ў аўтобусе Чарнігаў — Гомель у пункце пропуску „Новыя Ярылавічы” Чарнігаўскага памежнага атрада.

12 лютага 2018 года Чарнігаўскі раённы суд пачаў падрыхтоўчы разгляд справы Палітыкі. Судовыя пасяджэнні з-за розных прычын пераносілі восем разоў.

15 мая 2018 года калегія суддзяў, якая вяла працэс, заявіла самаадвод у сувязі з тым, што жонка аднаго з суддзяў вучылася разам з адвакатам падазраванага і знаходзіцца з ім у таварыскіх адносінах, а таксама з іншымі ўдзельнікамі калегіі.

29 мая 2018 года апеляцыйны суд Чарнігаўскай вобласці прыняў рашэнне аб тым, што справу беларуса будзе разглядаць Новазаводскі раённы суд Чарнігава. Судовыя пасяджэнні прызначалі некалькі разоў, але пераносілі з-за адсутнасці перакладчыка.

17 жніўня маці Юрыя Палітыкі наведала сына ў СІЗА СБУ ў Чарнігаве і ўбачыла ў яго траўмы, пасля чаго звярнулася ў МЗС Беларусі з просьбай аб аказанні консульскага садзейнічання.

На пасяджэнні суда ў канцы жніўня Палітыка заявіў, што не памятае абставінаў, пры якіх атрымаў траўму. Паводле яго слоў, гэта здарылася 7 жніўня, а 10-га яму зрабілі аперацыю на скроні. Падчас суда беларус скардзіўся на дрэннае самаадчуванне і галаўны боль.

6 верасня 2018 года прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз заявіў, што сітуацыя з Палітыкам выклікае ўсё большы неспакой. „Падчас судовых слуханняў у затрыманага грамадзяніна Беларусі былі зафіксаваныя цялесныя пашкоджанні, якія могуць быць кваліфікаваныя як цяжкія. Нягледзячы на заяўленае хадайніцтва адвакатаў і нашы просьбы, адпаведнае медыцынскае абследаванне дагэтуль не праведзенае”, — сказаў прэс-сакратар. Да дзеянняў украінскага боку ў дачыненні да беларускага грамадзяніна ўзнікае ўсё больш пытанняў, „з’яўляюцца сумненні ў здольнасці забяспечыць умовы ўтрымання Юрыя Палітыкі пад вартай, якія б выключылі правакацыі і прымяненне да яго супрацьпраўнага ўздзеяння”, заявіў прадстаўнік МЗС.

У канцы верасня мінулага года Палітыка быў пераведзены ў СІЗА СБУ ў Кіеве.

6 лютага 2019 года Новазаводскі раённы суд Чарнігава працягнуў Юрыю Палітыку тэрмін знаходжання пад вартай да 6 красавіка. Гэта было апошняе падрыхтоўчае пасяджэнне суда. 20 сакавіка павінна было адбыцца першае пасяджэнне па разглядзе справы па сутнасці. Яго перанеслі на 3 красавіка „ў сувязі з немагчымасцю перакладчыка прыбыць у судовае пасяджэнне”. Тады ж тэрмін утрымання Палітыкі пад вартай быў працягнуты да 31 мая.

3 красавіка пасяджэнне суда таксама не адбылося „з-за немагчымасці прыбыцця абароны і перакладчыка”, паведаміў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз. Новае пасяджэнне было прызначанае на 20 мая. У той дзень суд вызначыў парадак даследавання доказаў у справе Палітыкі і прызначыў пасяджэнне на 31 мая, дзе наступны разгляд быў прызначаны на 29 ліпеня.

29 ліпеня на чарговыс пасяджэнні Новазаводскі раённы суд Чарнігава прыняў рашэнне, што Палітыка можа быць адпушчаны пад залог.

belapan.by

Фота svaboda.org