«Вандроўная Кнігарня» наведае Гальшаны
Менская «Кнігарня Логвінаў» памяняла фармат працы і выправілася ў шырокі свет. З гэтай восені пачаўся маштабны праект «Вандроўная кнігарня».
Кнігарня прыўлашчыла сучасную традыцыю перасоўных бібліятэк, у якой літаратура і чытанне ёсць не толькі арганічным складнікам асабістага досведу, але і жыццёвым элементам грамадскага жыцця краіны. Логвінаўскія кнігары, прыхапіўшы кніжкі і аўтараў, плануюць у бліжэйшыя колькі гадоў на чатырох колах аб’ездзіць усю Беларусь: яе гарады, мястэчкі і вёскі.
Першы візіт кнігарні — у Гальшаны з яго самым літаратурным замкам Беларусі, які ўжо даўно не чорны.
Такім чынам, субота, 5 кастрычніка, Гальшаны
13.00 Фотасесія дызайнерскага кнігабуса і яго пасажыраў на руінах Гальшанскага замка. Далучайцеся на сэлфі і экскурсію па кнігабусу!
14.00 – 16.30 Праграма “Вандроўнай кнігарні” (Замкавая, 8)
14.10 Расповед пра сучасную беларускую літаратуру і яе прэміі з прадстаўніцай Рэспубліканскай грамадскай арганізацыі ПЭН-Цэнтр Ліляй Ільюшынай.
14.30 Сустрэча з Альгердам Бахарэвічам і прадстаўленне яго кнігі “Мае дзевяностыя”.
15.00 “Навошта нам Гальшанскі Замак?”, дыскусія з рэстаўратарам Ігарам Раханскім і пісьменніцай Ліляй Ільюшынай.
15.45 Майстар-клас па крэатыўным пісьме з Альгердам Бахарэвічам.
А таксама — гутарка з гасцямі ў нефармальнай абстаноўцы, бясплатны буфет, праца вандроўнай кнігарні, знаёмства з навінкамі сучаснай літаратуры.
Партнёры праекту: Беларускі ПЭН-Цэнтр, “Беларускі Калегіум”, “Цудоўня”
Паводле прэс-рэлізу