Па 40 базавых велічынь штрафу за ўскладанне кветак
4 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна адбыўся разгляд справы ў дачыненні да актывістаў «Маладога фронта» Дзяніса Урбановіча і Віталя Трыгубава.
Хлопцаў абвінавачвалі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч. 3 арт. 23.34 КаАП) за роварны прабег.
Справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня.
Падчас працэсу абвінавачаныя заявілі хадайніцтва аб адводзе суду, але суддзя яго адхіліла.
Адзін з супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным праводзіў відэаздымку падчас працэсу.
Першым у судзе выступаў Дзяніс Урбановіч. Ён запытваўся, навошта браць дазвол, каб ускласці кветкі ў скверы? Выказаў думку, што гэта не было масавым мерапрыемствам, а тое, што быў складзены пратакол, – рэпрэсіі супраць актывістаў.
«Калі я паеду ўскласці кветкі да памятніка перамогі ці на могілкі да родных – гэта таксама будзе пікетаванне?» – запытаўся Урбановіч у суддзі.
Віталь Трыгубаў дапоўніў выступ свайго паплечніка тым, што пратакол быў складзены незаконна. У іх дзеяннях не было складу правапарушэння, бо яны проста паехалі па горадзе, вырашылі ўшанаваць памяць вялікага паэта і ўсклалі кветкі. Заканадаўства, па меркаванні актывіста, такія дзеянні не парушаюць.
У судзе выступіў таксама сведка-міліцыянт Сяргей Астаф’еў. Ён заявіў, што была знойдзена інфармацыя пра планаванне правядзення несанкцыянавай акцыі праз тэлеграм-канал. Аднак у суда такой інфармацыі няма, і суддзя яе нават не запатрабавала.
Пасля выступу сведкі суд перайшоў да азнаямлення з матэрыяламі справы, пры гэтым Вікторыя Шабуня не дала магчымасці абвінавачаным далучыць да матэрыялаў фотаздымкі з месцаў падзей.
Пасля невялікага перапынку суд вынес рашэнне пакараць Дзяніса Урбановіча і Віталя Трыгубава штрафам у памеры 40 базавых велічынь кожнаму.