Алег Трусаў: Пазьняк таксама мае рацыю



Грамадскі дзеяч Алег Трусаў пракаментаваў заяву лідара КХП-БНФ .

Нагадаем, што старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк раскрытыкаваў у інтэрв’ю Радыё Свабода заходнюю цывілізацыю.

«Для нас, для беларусаў, трэба далей трымацца ад Расеі, – сказаў Зянон Станіслававіч. – І ў ніякім разе не ісці ў Еўразвяз, таму што там фізічная смерць, а тут яшчэ горшая, гэта абсалютна гнілая цывілізацыя. Яна не мае будучыні гэта цывілізацыя. Не мае будучыні гэты Еўразвяз”.

Алег Трусаў: Пазьняк таксама мае рацыю, калі так заяўляе, бо для Беларусі самы лепшы варыянт у ідэале – гэта Швейцарыя. А на практыцы, відаць, так і ёсць, як кажа Зянон Станіслававіч, бо нікому мы ў Еўразвязе асабліва не патрэбны. І наўрад ці патрапім туды ў бліжэйшы час. Таму сёння галоўная мэта – захаваць незалежнасць.

Я нядаўна вярнуўся з Літвы і, хачу сказаць, што вялікага захаплення ад “літоўскага Еўразвяза” ў мяне няма. Увялі еўра, цэны там выраслі больш, чым у Польшчы, якая пакуль не адмаўляецца ад свайго злотага. Хаця сяброўства ў Еўразвязе дало магчымасць Літве уступіць у НАТА, а таму яны зараз могуць пачуваць спакойна за сваю незалежнасць. Таму пытанне аб тым, ці патрэбна нам ісці ў Еўразвяз, спрэчнае, але часткова і Пазьняк правільныя рэчы кажа.

РР: А як жа заявы прадстаўнікоў той жа апазіцыі, што нам трэба браць прыклад з Захада і ісці толькі ў тым накірунку?

Алег Трусаў: Як ужо казаў, нам трэба імкнуцца да швейцарскага варыянта, ён самы найлепшы. Вось, напрыклад, Вялікабрытанія не хоча быць у Еўразвязе і таксама ж не проста так. Былі ж прычыны, чаму яны пакінулі гэты саюз.

А Беларусі патрэбен сёння статус нейтральнай кріаны, хаця мы бачым, што нас пастаянна тузаюць, то ўправа, то ўлева.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя