Чаму Мінздраў вырашыў панізіць кошты на імпартныя лекі?



“Больш таннае не заўсёды больш эфектыўнае”, – кажа эканаміст Леў Марголін.

Па словах міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка, новыя памежныя адпускныя цэны на імпартныя лекі будуць ніжэйшымі ў дачыненні да тых, што маем зараз. Зніжэнне адбудзецца з улікам параўнальнага аналіза іх кошту ў Беларусі і суседніх краінах.

Раней Мінздраў прасіў карыстальнікаў сацыяльных сетак распавядаць пра лекі, якія яны купляюць у аптэках іншых краін танней, чым у Беларусі.

Леў Марголін: Магчыма, народ і на самай справе дапамог Міністэрству аховы здароўя даведацца сапраўдную карціну, бо дзяржаўныя органы не заўсёды займаюцца маніторынгам з цэнамі за мяжой. У нас па вызначэнні ўсё лепш, чым у іншых краінах.

Але сітуацыя дасягнула ўжо неверагодных масштабаў. Напрыклад, я купляю некаторыя імпартныя лекі ў Вільні, і там яны ў два разы таннейшыя, чым у Менску.

РР: Чаму так атрымліваецца?

Леў Марголін: Магчыма, такім чынам хочуць стымуляваць насельніцтва, каб яно купляла больш танныя беларускія аналагі. Але больш таннае не заўсёды больш эфектыўнае, вось у чым галоўная праблема.

І я насамрэч не разумею, як фарміруюцца такія вялікія цэны на імпартныя лекі. Гэта спроба зарабіць як мага больш грошай на хворых людзях.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя