Павел Севярынец: Тут ёсць свае падводныя камяні



Палітык Павел Севярынец вылучыў сваю версію таго, чаму Вярхоўны прадстаўнік Еўразвяза па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні адмяніла свой візіт у Менск.

Нагадаем, што афіцыйна было абвешчана, што «сустрэчы высокага ўзроўню ў межах «Усходняга партнёрства», раней запланаваныя на 4-5 кастрычніка 2019 года ў Менску, адкладаюцца з-за шэрагу змяненняў у парадку дня розных удзельнікаў і па выніках абмеркаванняў з Беларуссю як прымаючым бокам». У сувязі з адменай візіту Магерыні свой візіт у Беларусь адмяніў і міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, у беларускую сталіцу таксама не прыляціць кіраўнік МЗС Польшчы Яцэк Чапутовіч.

Павел Севярынец: У тым, што Магерыні адмяніла візіт у Менск, безумоўна, ёсць свае падводныя камяні. Вядома, што галоўнай вішанькай на торціку падчас візіту было б падпісанне дамовы пра змяншэнне коштаў на Шэнгенскія візы для беларусаў. Беларускі бок зараз абвінавачвае еўрапейскі ў зацягванні працэсу падпісання дакумента, у еўрапейцаў ёсць свае аргументы. Два бакі сутыкнуліся, у кожнага свае інтарэсы. Але не выключаю, што тут не абышлося і без трэцяга боку – Масквы.

РР: Якім чынам Масква магла паспрыяць не прыезду еўрачыноўнікаў у беларускую сталіцу?

Павел Севярынец: Хутчэй за ўсё, Расея моцна ўмешваецца ў гэтую сітуацыю і ўсімі сіламі і рычагамі, якімі валодае, спрабуе сарваць пагадненні паміж Беларуссю і Еўропай. Мяркую, пасля гэтага Крэмль будзе прапаноўваць беларускай уладзе нейкія пернікі, каб тая не мела сустрэч на сур’ёзным узроўні з прадстаўнікамі ЗША і Еўразвяза. Магчыма, на гэта афіцыйны Менск і разлічвае, бо трэба падвышаць стаўкі ў гандлі з Расеяй. Думаю, чым бліжэй будзе дата падпісання інтэграцыйнай мапы, тым больш будзе розных інфармацыйных укідаў, каб падвышаць стаўкі, пра якія я казаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя