Гары Паганяйла: Ім ёсць што хаваць…
Юрыст-праваабаронца патлумачыў, чаму ўлады не хочуць, каб ва ўчастковых камісіях былі прадстаўнікі дэмакратычнага грамадства.
Са слоў кіраўніка прэс-службы кампаніі «Права выбара-2019» Аляксея Януковіча, яны прапанавалі ва ўчастковыя камісіі 458 кандыдатаў, але прайшлі толькі дзевяць. Пры гэтым у Менску ў такія камісіі ад апазіцыі не ўключылі ніводнага (!) чалавека.
Гары Паганяйла: Гэта яшчэ раз паказвае, што ніякай рэальнай лібералізацыі няма. Насамрэч у Беларусі не адбываецца ніякіх сістэмных рэформаў, звязаных з дэмакратызацыяй грамадства і дзяржавы. Улада тая ж, яна не змянілася і не зменіцца. Яна існуе для захавання ўлады аднаго чалавека і той сістэмы, якая яго задавальняе – паслухмянага парламента, чыноўнікаў, якія наўпрост падпарадкоўваюцца кіраўніку краіны, структураў, на якія ён апіраецца. Таму змянілася толькі рыторыка. Яна стала больш лагоднай, «ліберальнай». Так, няма брутальных разгонаў і арыштаў, але ж няма дэманстрацый і вострых усплескаў народнага незадавальнення. Але, як толькі яны пачнуцца, улады адразу ж прыменяць брутальную сілу. Ізноў пачнуцца суды, штрафы, арышты. Нічога ў гэтым плане не зменіцца.
РР: А якая роля тут адводзіцца апазіцыі?
Гары Паганяйла: Нашы дэмакраты таксама нармальна ўбудаваліся ў гэтую сістэму, і яна іх у пэўным сэнсе задавальняе. Яны таксама дэманструюць, што быццам бы ўдзельнічаюць у барацьбе за ўладу, а насамрэч ніякай рэальнай барацьбы няма. Масава вылучаюцца ў дэпутаты, цудоўна разумеючы, што ва ўчастковыя камісіі, якія і вызначаюць вынікі выбараў, будзе ўключана столькі дэмакратычных прадстаўнікоў, што іх можна пералічыць на пальцах рукі. І гэты мізер не дасць абсалютна нічога для таго, каб выбары праходзілі празрыста.
РР: А чаму ўлады баяцца ўключаць ва ўчастковыя камісіі прадстаўнікоў апазіцыі?
Гары Паганяйла: Ім не патрэбны лішнія вочы, ёсць што хаваць. Як такой перамогі сярод кандыдатаў няма, бо перамагае тое, каго прызначаць. І ў гэтым спекетаклі няма месца для апазіцыйных назіральнікаў, якія могуць сапсаваць спектакль непатрэбнымі рэплікамі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя